Кніга Belarus: An Illustrated History — пераклад выдання Уладзіміра Арлова «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» — адрасавана не столькі беларусам, колькі іншаземцам, у т.л. палякам.
На днях у кракаўскім выдавецтве Gutenberg Publisher, заснаваным беларускімі эмігрантамі, выйшла кніга Belarus: An Illustrated History (“Беларусь. Ілюстраваная гісторыя”). Выданне пра мінулае Беларусі па-англійску адрасавана не столькі беларусам, колькі іншаземцам, у т.л. палякам. Бо многія беларусы гэту кнігу ўжо маюць — па-беларуску.
Гэта пераклад выдання вядомага пісьменніка Уладзіміра Арлова «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Але беларускамоўнае і англійскамоўнае выданні кнігі Уладзіміра Арлова трохі адрозніваюцца. Выданне Belarus: An Illustrated History закранае перыяд да канца XVIII ст. У англійскамоўным выданні змешчаны 31 нарыс літаратара, які прапануе сваю інтэрпрэтацыю мінулага Беларусі.
А дапамаглі выдаць кнігу Беларускі дабрачынны фонд у Вялікабрытаніі і Павел Бераговіч. Пераклаў мастацкі твор з добрай беларускай на добрую англійскую мову вядомы брытанскі беларусіст Джым Дынглі. У кнізе вельмі шмат ілюстрацый.
Валянціна Андрэева, адна з заснавальніц кракаўскага выдавецтва Gutenberg Publisher, прызналася, што чытае беларускае выданне кнігі Уладзіміра Арлова свайму сыну. Валянціна Андрэева ўпэўнена, што замежнага чытача кніга Уладзіміра Арлова будзе ўражваць, здзіўляць.
Выдавецтва Gutenberg Publisher ужо прадае кнігу Уладзіміра Арлова Belarus: An Illustrated History на сваім сайце. Дастаўка магчымая ў любы куток свету. Кнігу таксама можна набыць афлайн у Варшаве і Вільні. Частка накладу кнігі дастаўлена ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Тамтэйшым чытачам будзе зручна набыць яе тут. А дадатковыя пытанні выдаўцам можна задаць праз тэлеграм: +48510034234.
polskieradio.pl