Надзея Ясмінска напісала зімовую казку “Падарожжа ў Новы год”

У выдавецтве “Папуры” выйшла новая кніга для дзяцей ад 5 гадоў аўтарства Надзеі Ясмінскай. “Падарожжа ў Новы год” — гэта казка, што апавядае пра звычаі святкавання Новага году ў розных кутках свету.

Праілюстравала кнігу мастачка Ганна Настасся Новік.

“Што будзе, калі ў навагоднюю ноч стары гадзіннік раптам чхне, а з цыферблата вызірне сапраўдны Гадзіннікавы Гном? Для Юркі гэта стане пачаткам вандроўкі праз краіны і кантыненты. Разам з новым сябрам ён абляціць увесь свет і даведаецца, што Новы год ва ўсім свеце бывае вельмі розным — але ўсюды яго чакаюць з надзеяй і радасцю. Прыслухайся! Здаецца, недзе там прагучаў чароўна БОМ…” — заклікае да чытання анатацыя.

Навінка ўжо прадаецца ў менскіх кнігарнях і на маркетплэйсах: Параграф 45, Oz.by, Кніжная шафа, Акадэмкніга.