Выдавецтва “Мяне Няма” анансавала выхад першай перакладной кнігі ў сваім даробку — “Нашы зіхоткія целы” Алёны Глухавай. Арыгінал кнігі быў напісаны беларускай Алёнай Глухавай па-французску і пабачыў свет тры гады таму ў буйным выдавецтве Gallimard. На беларускую мову кнігу пераклала Алена Пятровіч.
“Нашы зіхоткія целы” — раман пра каханне. Пра тое, калі яно ў кагосьці скончылася, а ў кагосьціі (напэўна) усё яшчэ не. Пра тое, што адбываецца з тымі, хто раней быў побач. Паэтычна-метафарычны аповед, поўны адсылак да астранамічных і (мета)фізічных целаў і траекторый іх падзення.
Твор поўніцца фрагментарнымі успамінамі — пра раскіданыя летнія сукенкі, якія няма куды апрануць, кіслае чырвонае ў Менску, начныя шпацыры па вуліцы ў горадзе По, якую аўтарка і ейнае каханне не называлі “нашай”. І бясконцыя пераезды (гэта ў аўтаркі сямейная традыцыя). А таксама знайшлося крыху месца для Дэрыды з Левінасам.




Выданне стала магчымым, дзякуючы акцыі 33 Books for Another Belarus — выдавецтва дзякуем за спрыянне з перакладам, аўтарызацыяй і атрыманнем правоў на публікацыю. Раман выходзіць пры падтрымцы французскіх выдавецтваў Éditions Verticales і Gallimard.
Цяпер адкрыты папярэдні заказ на кнігу, поўны наклад выйдзе з друку ў кастрычніку.






