Паэтычная кніжная серыя “Брукаванка” папоўнілася зборнікам лідскага аўтара Юрыя Карэйвы (1961–2021) “Паломніцтва ў неба”. Апрача вершаў розных перыядаў творчасці паэта, кініга змяшчае таксама паэму “Лера”.
Творчасць Юрыя Карэйвы можна ў пэўнай ступені аднесці да літаратурнага андэрграўнду, бо пісаў ён па-за афіцыйнай літаратурнай сістэмай: па-за дзяржаўнымі выдавецтвамі, Саюзам пісьменнікаў, афіцыйнымі часопісамі, цэнзурай, прэміямі і прызнаным канонам.
Разгорнуты водгук на кнігу Юрыя Карэйвы “Паломніцтва ў неба” чытайце на сайце “Новыя беларускія кнігі”.
Серыя “Брукаванка” была заснаваная напрыканцы 2025 году пры ўдзеле польскага выдавецтва EkoPress. Праект прадстаўляе розныя галасы сучаснай беларускай паэзіі — ад аўтараў, звязаных з незалежным літаратурным асяроддзем і андэграўндам 1990-х, да сённяшніх паэтаў.
У далейшых планах “Брукаванкі” — кнігі Міколы Адама (“Неба на стале”), Андрэя Пяткевіча і Алеся Касценя. Такім чынам, серыя імкнецца не толькі прадстаўляць актуальны літаратурны працэс, але і вяртаць у чытацкую прастору спадчыну аўтараў, чые творы заслугоўваюць новага прачытання.
Найбліжэйшая прэзентацыя серыі адбудзецца 24 верасня ў віленскай краме “Кропка”, паведамляе Радыё “Рацыя”.






