Нядаўна пабачыў свет шосты выпуск альманаха “Апостраф”. Bellit.info публікуе паэму Мікіты Найдзёнава, якая надрукаваная ў раздзеле “Паэзія” побач з творамі Васіля Жуковіча, Андрэя Сцепанюка, Івана Мельнічука і Дзяніса Мацешы.
загалоўнае фота Канаплёў-Лейдзік ©
МІКІТА НАЙДЗЁНАЎ
Надзея Сцяпанаўна
Паэма
УСТУП
Даверыўшы рытму
ўсё тое, што ледзь давяраецца,
на сэрцы адкрытым
праводжу сабе аперацыю.
Быць вечным фатонам
і провадам вечна аголеным,
кранацца фантомна
ўспамінаў сваіх незагоеных.
Як рыфмы з маленства
дакладней, чым фота архіўныя,
прымаю валентнасць
сябе ў паэтычнае хіміі.
Там вокны сляпыя
пільнуюць сваю незавешанасць.
Паэтэрапія
праз вершы і ёсць незавершанасць.
Крыху прыадпусціць –
шляхамі прамуе нязменнымі,
шукае ў капусце
сцвярдзелыя болі сямейныя.
Так доўга збіраўся,
адцягваў і ўрэшце адважыўся,
бо ёсць esperanza,
надзея, што пішацца важнае.
За словам-надрэзам
цягліцу сардэчную слухаю,
дзе вечны гарэза
пад літарасфернымі зрухамі
пачуўся як дома,
дзе ёсць і старое, і новае,
і ўсё, што вядома,
з тым, што яшчэ не, – аб’ядноўвае.
Дзе мусяць сустрэцца
вось-вось прабабуля і праўнучка:
сямейнае дрэўца
пра тое, што ёсць і што спраўдзіцца.
Куды завядзе, я
скіруюся рухамі спраўнымі.
Там свеціць надзея,
дакладней, Надзея Сцяпанаўна.
1.
Прачнуцца а пятай –
круціцца і болей не класціся –
і кінуць занятак
лічыць то авечак, то ластавак.
Угледзецца сонна,
што неба сабе напагодзіла,
і ўспомніць, што сёння
ў любімай бабулі народзіны.
Мы з ёю вучылі,
як рррыба і рррак прррамаўляюцца;
што нораў ваўчыны
якраз па начах праяўляецца.
Наіўна і проста
здзіўляецца, што ў свеце дзеецца.
А добра папросіш,
ахвотна ўспамінамі дзеліцца.
Малодшая ў хаце –
бы булачка недапечаная.
З дзяцінства без маці,
не буськаная, недапешчаная.
“Як шчыра прызнацца,
жыццё маё выйшла гаротнае.
Жыла ў інтэрнаце
спачатку як іншагародняя.
Пабралася шлюбам –
усе йшлі, і я зазбіралася.
А з любым-нялюбым…
Хіба я тады разбіралася?
Заспела гадзіны,
як шчасцейка ў сэрцы палошчацца.
Дзяцей нарадзіла
і з мужам усё як паложана”.
Жыццё маладое
цягнулася роўнаю змейкаю.
Абодва ў будоўлю
пайшлі як у справу сямейную.
Рабілі халтуры,
пра лепшае дбалі і марылі.
Адзін – штукатурыў,
другая – гадамі малярыла.
2.
Ніякага блату
сабе на будоўлі не выбілі.
Уласную хату
на кроўныя ставілі. Выпілі
крыві з іх нямала
ў канторах з бясконцымі чэргамі.
Ды мара трымала:
каб дома сям’ёю вячэралі.
Участак даволі
харошы, а вуліца – Светлая,
каб гора і болю
ніколі-ніколі не зведалі.
Дзяцей у садочак
вадзіла з узросту малочнага.
Старэйшы – сыночак,
дачушка-сястрычка – малодшая.
Карцела імкнуцца,
каб дзеці былі не галодныя.
А словы, пачуцці…
Дык гэта ж зусім не галоўнае.
“Ты кажаш, пяшчота?
Жыццё нібы кола вавёрчына:
да сёмага поту,
ад стомы ажно выварочвала.
Хіба разарвацца
з напругі мяхамі баяннымі?
Да ночы на працы,
а ноччу глядзі мужа п’янага”.
Як неба дажджамі,
то робіцца ўсім не да ластавак.
Прыкметна, да жалю,
расце пры сям’і недалашчанасць.
Наварана дома
і цёпла за цёплаю печкаю.
І дзеці, вядома,
хоць сытыя, а недапешчаныя.
І цягне матуля
не толькі сваё, але й мужава.
Нячаста прытуліць,
але ўсё на свеце адужае.
3.
Хвіліну-другую
ў паўсне нібы нешта дзілінькае,
пакуль зрэагую,
што ўсе пераставіў будзільнікі.
Ледзь голаў узняўшы,
вачыма гляджу недаспанымі.
Званю на дамашні,
пытаю Надзею Сцяпанаўну.
Заспееш? Ды дзе там, –
пайшла, – значыць, потым пагутарым.
Паслухаю дзеда,
згадае, што вырас на хутары,
угледзеў, як немцы
шукалі ці куркі ды яйкі е.
Хаваўся то ў сенцах,
то ў снах, але бачыў усякае.
Спытае, ці хутка
прыеду знаёміць з нявестаю.
Я дзеду ціхутка
кажу, што дакладна не ведаю.
Пацвердзіць, што бачыў
на здымку: прыгожая, рыжая.
Во ўнук нарыбачыў,
абы не занадта капрызная.
Каб мужа глядзела,
не толькі чытала часопісы.
Я слухаю дзеда,
матаю на вус яго словы ўсе.
А ён як адкінуў
гадоў пяцьдзясят і на беразе
чапляе мякіну
і ловіць усё, што наперадзе.
Пытае пра вершы,
чаму нараджаюцца сумныя.
Адказваю нешта,
а сам пра сябе ціха думаю:
ёсць бабіна лета
і матчына мова, што дзекае
між сноў і палеткаў.
Цікава, а ёсць нешта дзедава?
4.
На кнопку націсну –
і зловяцца кадры няўлоўныя.
У фільме дзяцінства
бабуліна роля галоўная.
А дзед па сюжэце
загады бабулі выконвае.
Як зробіць цяжэйшы,
зап’е потым перад выходнымі.
Калі ў маладосці,
то піў сабе цэлымі тыднямі.
Цяпер – мала-досыць –
не надта ўжо сэрца актыўнае.
Хай быў невыносным,
скандаліў у межах дазволеных.
З сям’і не выносіў,
і з працы таксама не звольнілі.
Але, калі шчыра,
і ў гэтым заслуга бабуліна:
за мужам сачыла,
лічыла загулы з прагуламі.
Я схіблю, магчыма,
але мяне болей не ўражвае,
што ёсць да мужчынаў
у стаўленні нешта паблажлівае.
“Каб мужа глядзела…”
Я думаў над гэтымі словамі.
Ці жэняцца дзеля
таго, каб табе мылі сподняе?
Ці робяцца дзеці
раптоўна, маторна і вымушана,
бо ёсць у суседзяў,
а так, паміж іншым, дык вы муж-жана?
Ячэйка грамадства,
дзе ўсё, што змяшчае статыстыка.
А так, каб займацца
сям’ёй, то каго гэта тычыцца?
Таму за жанчынай
і слова часцей вырашальнае.
І з гэтай прычыны
адказнасць таксама, на жаль, яе.
5.
У дома на Светлай
мінулі падзеі рамонтныя.
Ён быў ціхім сведкам
звычайных і радасных момантаў.
Сачыў за малымі,
каб гульні не сталіся шкодаю.
Кустамі маліны
садочак сплятаўся са школаю.
Пайшлі неспадзеўна
падручнікі, ручкі, заплечнікі,
абодвум адзенне –
для дзетак хацелася лепшага.
Таму й працавала,
што святаў-выходных не ведала.
Пасля прасавала,
варыла, гароды наведвала.
Суніцы саспела
зрываліся ранкамі летнімі.
Зірнуць не паспела,
а дзеці ўжо сталі падлеткамі.
Раптоўна сцішэлі –
ужо са сваімі сакрэтамі.
У сына кішэні
то з грошамі, то з цыгарэтамі.
Адкуль – не дазнацца,
размовы-ўгаворы дарэмныя.
Пайшоў у шаснаццаць
засвойваць урокі турэмныя.
Балела за сына,
што недаглядзела нядобрае.
Пад сэрцам насіла,
а зараз насілася з торбамі.
Хацелася збегчы
дачцэ ад няўвагі матулінай.
Халодна за печкай,
і хата такая няўтульная.
І, можа, таму што
стамілася слухаць і слухацца,
пабегла ў замужжа
прэч з дома на Светлае вуліцы.
6.
Я думаў, што вырас
у доме і… з дома бацькоўскага.
І проста як выраз
цягнуся радкамі і коскамі.
Ды быццам бы грэе,
што ў думках дамоў паварочваю.
Усе батарэі
злічыў там зубамі малочнымі.
Там вокны старыя,
і ўвесну на кожным з іх саджанцы.
Малодшы ў сястры я
і маме па дробязях скарджуся.
А мама абдыме
і скажа мне словы пяшчотныя,
і словамі тымі
гарачае нешта на шчокі лье.
Адчуе ўсім целам,
што гэтыя слёзы хлапечыя
ёсць тым, што хацела
сама, як была недапешчаная.
І штосьці як шчоўкне,
парвецца старымі заплаткамі.
Па кроплі пяшчотай
напоўніцца сэрца заплаканае.
Я думаў, што вырас,
што вытрас альбомы дзіцячыя.
Дом цягне як вырай,
гады адлятаюць дзясяткамі.
Там першыя крокі
мяжуюцца з першымі ямбамі.
Пад сонцам высокім
у садзе высокія яблыні.
І ліпень адліты
дажджамі, і я, што народжаны,
каб слёзы ад літар
каціліся, нібы гарошыны.
І мама гароху
нарве мне салодка-салодкага.
І будзе ў дарогу
праводзіць далёка-далёкую.
<…>
Працяг паэмы — раздзелы з сёмага па дзясяты, а таксама “Эпілог” — чытайце ў папяровым выпуску альманаха “Апостраф”, які можна прыдбаць на сайце Кірмаш, а таксама ў беларускіх кнігарнях у замежжы.







