Нядаўна пабачыў свет шосты выпуск альманаха “Апостраф”. Bellit.info публікуе апавяданні Уладзіміра Сцяпана, якія надрукаваныя ў раздзеле “Проза” побач з творамі Стасі Наркевіч, Ігара Сідарука і Леаніда Дранько-Майсюка. Друкаваны выпуск альманаха прыдбаць можна на сайце Кірмаш.
УЛАДЗІМІР СЦЯПАН
ЧЫРВОНЫ АШЫЙНІК
Мужчыну я пазнаў адразу, як толькі выйшаў з вёскі на шашу. Гэта быў Лёшка Сімановіч. Ён сядзеў на лаве, а побач з ім – незнаёмы белы сабака.
Пустая шаша з пабітым лесавозамі асфальтам, бярозы, з якіх ляціць рудое лісце, кусты, палі і цёмны лес, а над усім шэрае кастрычніцкае неба.
Лёшка глядзіць на сабаку і трымае на далоні сухар.
– На, сучы сын, частуйся… Не хочаш? Больш у мяне нічога няма… Прывітанне! Каго сустракаеш?
– Прывітанне! Жонку.
Вясковы аўтобусны прыпынак: лава, жалезная сметніца, слупок-труба з бляшанай белай таблічкай, на якой назва прыпынку-вёскі і сем радкоў – расклад аўтобусаў на кожны дзень.
– І я сваю чакаю. Разам прыедуць… Няма сёлета добрых грыбоў, нейкая восень няправільная.
Белы сабака з чорным вухам і чырвоным пластыкавым ашыйнікам нерваваўся. Круціў галавой, бегаў па прыпынку, на шашу выскокваў, быццам збіраўся ўцякаць.
– Твой, Лёшка?
– Ну што за людзі, бляха, забіваць такіх трэба, нельга ім жыць… Што, не будзеш есці, тады глядзі, угаворваць не буду… – Сімановіч пагладзіў сабаку, а той спачатку прыгнуўся, а потым хвастом заматляў. – Вось гэтымі рукамі б забіваў!
– Дык твой?
– Яго з машыны выкінулі, а самі на горад папёрлі… Здаецца, мужык з бабай у тым легкавіку былі… Газанулі, а ён застаўся сядзець, вунь там, каля крывой бярозы. Я з другога боку да прыпынку ішоў, нумар не разгледзеў.
– Можа, вернуцца, перадумаюць.
– Я амаль гадзіну сяджу, бо з раскладам памыліўся… Такія не не вяртаюцца, я ведаю.
Белы сабака прылёг, праз імгненне падхапіўся, пачаў глядзець у бок райцэнтра, як разумеў, пра што размова. Неўзабаве на шашы з’явіўся белы “газон” з будкай – аўталаўка. Сабака два разы брахануў, правёў яго позіркам і лёг каля Лёшкавых ног.
– А я кінуў курыць… Маёй не падабаецца. Трыццаць сем гадоў курыў, а вось кінуў… Смачна дым пахне. Я сваёй катлет наляпіў, бульбы насмажыў…
Я нахіліўся і пагладзіў сабаку, паглядзеў чырвоны ашыйнік, думаў убачыць тэлефонны нумар гаспадара.
– Ды не глядзі ты. Выкінулі, я табе кажу. Гарадскія… Самі паехалі, а сабаку тут кінулі. Сукі, а не людзі! На лецішчы не пакінеш, там усе ведаюць, чый ён, бачылі ж сто разоў. А тут вёска, падумалі, што не прападзе, прыб’ецца да каго… А каму ён трэба? Будзе бегаць, пакуль машына не задавіць ці не застрэліць хто.
Я курыў. З бяроз сыпалася лісце. Лёшка маўчаў, быццам нешта думаў. Потым спытаў час. Уздыхнуў. Пагладзіў сабаку. Разламаў сухар і палову паклаў на асфальт, а другую схаваў у кішэню курткі.
Сабака зноў падхапіўся, праз нейкі час і мы пачулі, а потым і ўбачылі аўтобус, які павольна ехаў па шашы, грукацеў на пабітым асфальце, быццам вёз парожнія жалезныя бочкі. Лёшка падняўся з лавы, зашморгнуў маланку курткі, паправіў каўнер, прыгладзіў шэрыя сівыя валасы.
Сімановіча я ведаў даўно. Са сваіх сарака васьмі адзінаццаць гадоў ён правёў за кратамі. Выйшаў, прыбіўся да Нінкі. Казалі, што яна сама да яго ездзіла, сама звала да сябе. Яшчэ чуў, што ў сваю вёску Сімановіч не ездзіў, бо там яшчэ жылі бацькі і сёстры забітага хлопца… Пра войска Сімановіч расказваў ахвотна і весела, пра турму – ніколі.
З аўтобуса выйшла толькі мая жонка. Я падхапіў яе заплечнік і торбы.
– А маю Нінку ты не бачыла там, на аўтастанцыі? Яна ж павінна была гэтым прыехаць, больш сёння нічога не будзе? – Сімановіч праводзіў позіркам кароткі сіні аўтобус, які павольна аддаляўся.
– Не, Лёша, не бачыла тваю Нінку на вакзале.
Сімановіч выцягнуў з джынсаў брызентавы пас, прыладзіў да ашыйніка, зацягнуў пятлю, таргануў і пайшоў на другі бок шашы. Белы сабака побач.
– Давай пастаім трохі, падыхаю чыстым паветрам… – сказала жонка і паглядзела на Сімановіча, на белага сабаку з чырвоным ашыйнікам. – Бачыла яго Нінку. Віно ў “Дабраноме” купляла.
22.10.2025 г.
СУСТРЭЧА
Мужчына і жанчына амаль гадзіну сядзяць у куце аўтастанцыі. За вялікімі вокнамі, ад падлогі да столі, – восеньскі туман, у якім зрэдку праплываць цёмныя аўтобусы і пралятаюць мокрыя вароны.
У мужчыны твар колеру падсохлай гліны, у жанчыны – колеру цеста. Яны аднагодкі, добра пабітыя жыццём пенсіянеры, якія не вераць, што жыццё можа змяніцца да лепшага.
– А Валерку ў Ваўчо завезлі, спачатку жонку, потым сына, а праз два месяцы і ён за імі следам пайшоў, – ціха і звыкла кажа жанчына і глядзіць на звялыя кветкі, якія туляцца да вакна.
– Дык Валеркавы бацькі тут ляжаць… Што, месца хіба не было? – бадзёра ўдакладняе мужчына, расшпільвае верхні гузік бушлата і сцягвае плямістую бейсболку.
Без шапкі ён робіцца безабаронным і амаль разгубленым.
– Хто ж цяпер скажа, чаму ён так надумаў.
– Валя, слухай, можа па сто грам. У мяне ёсць… Хто нам забароніць, за сустрэчу, за Валерку, за Надзю з Томкай, за Сяргея з Барысам, за Віцьку, за Толіка Балаболку… – мужчына гаварыў няспешна і радасна, быццам яму весела, што ён жывы, сядзіць сабе ў цяпле аўтастанцыі, за жыццё гамоніць.
– Не, Лабецкі, я не буду, а ты выпі, калі хочаш. У мяне і яблык ёсць, – сказала Валя і дастала з кішэні чырвона-бліскучы восеньскі яблык. – Бяры-бяры!
– А як твой Славік? Ты яго чакаеш? – паварочвае і аглядае яблык, быццам узважвае яго.
– Пяць гадоў як няма ў мяне Славіка.
– А я і не ведаў… Во як… Кавід?
– Каб жа – рак!
– Я глыну, можа і ты, Валя? – клапатліва прапануе Лабецкі.

Жанчына ўся неяк напружылася, спіна выпрасталася. З рукава выцягнула насоўку, прыклала да сухіх вачэй. Мужчына да апошняга гузіка расшпіліў бушлат, дастаў з заплечніка бутэльку гарэлкі, агледзеўся, адкруціў бліскучую накрыўку, выпіў з рыльца.
– А што ты тут сядзіш, чакаеш каго?
– Чакаю… Косцік, унук мой, зноў Светку прывёў, яшчэ раніцай… Вось і сышла з дому, не магу я на гэтае ўсё глядзець… Прасіла, угаворвала яго, каб не вадзіў, каб вучыўся, а ён не слухае… Кажа – не падабаецца, не глядзі, баба…
– А што за Светка?
– За касцёлам жыве… Школу кінула, адным словам – прасцігоспадзі… А Славік мой, хоць і высокі, а дурань яшчэ. Шаснаццаць гадоў мальцу. Я палохала, казала, што яна на яго заяву напіша і давядзецца жаніцца, а ён смяецца, ён згодны, так яе любіць… А ты так і не ажаніўся, не знайшоў сабе жанчыну, Эдзік?
– Халасты пакуль… Я прывык. У мяне і вада гарачая ў доме, і прыбіральня… Цёпла і чыста… І работы хапае. За мной з Віцебска прыязджаюць, з Наваполацка… Я і слесар, і зваршчык, і цясляр, і муляр, і трактарыст, і плітку магу, і сантэхніку…
– А мне казалі, што ты на Поўначы кількам галовы адсякаеш.
– Калі тое было… Потым дамоў вярнуўся, трэба ж некаму бацькоў даглядаць… А цяпер вось даглядаць няма каго.
– Там, у вашай вёсцы, людзі яшчэ ёсць жывыя?
– Летам больш, а зімой я ды тры бабы старыя… У мяне там добра. Ціха, як на могілках… А што з Пугачом, ён да мяне заязджаў, калі яшчэ бацька быў жывы. Заначаваў у нас.
– Прапаў Сяргей… Дзеці судзяцца тры гады з ягонай жонкай і між сабой…
Праехаў за вокнамі аўтобус, доўгі і цяжкі. Мужчына падхапіўся, зашморгнуў заплечнік.
– Гэта мой… Прапушчу, давядзецца пехам тупаць. А ты гэта, на ўнука не сварыся – дзела ж маладое. І мы такія былі.
– Былі да сплылі… Я ўсё памятаю, Эдзік!
– І я памятаю, Валя! Мы ж два гады за адной партай сядзелі. Пайду, а то без мяне з’едзе.
Эдзік пайшоў, Валя засталася. І чырвоны яблык застаўся ляжаць на тым месцы, дзе сядзеў мужчына.
15.10.2025 г.
РЫБКІ
У апошнія дні кастрычніка, можа, і не самыя апошнія, я выйшаў на мост над малой рэчкай. Развітваўся з вёскай. Убачыў, што на кладцы, побач з хатай майго вясковага сябра, нехта ёсць.
Сяргей сядзеў, а можа стаяў, не ведаю як правільна, на кукішках, рукі трымаў у вадзе. Мы не бачыліся два тыдні.
– Прывітанне, рукі мыеш?
– Не… Рыбак кармлю, – сказаў ён, здзіўлены і напалоханы маім нечаканым з‘яўленнем.
Я таптаўся на беразе і спрабаваў убачыць у цёмнай восеньскай вадзе рыбу. Не ўбачыў.
– Падыдзі яшчэ бліжэй, толькі асцярожна, не тупай… Бачыш?
– Не.
– Не рухайся.
Сяргей усё яшчэ трымаў рукі ў вадзе і трыбушыў белы хлеб, скарынка ляжала на дошках.
Мільганула срэбным бокам адна рыбінка, потым яшчэ дзве. Невялікія, можа, трохі большыя за далонь.
– Бачу!
– Я іх два гады кармлю… З рук ядуць… Я ім чарвякоў, бывае, адкопваю… Плотачкі і галавень… Быў яшчэ карасік, але прапаў…
Ён падняўся. Выцер аб штаны рукі, павіталіся.
Стаялі на беразе, побач з кладкай, курылі, глядзелі ў ваду.
– Другі год іх кармлю… Падраслі…
– Не ведаў.
– Ты не кажы нікому… І гэта, не лаві іх… Няхай растуць сабе. Малыя ж, дурныя ..
Потым мы сядзелі ў доме. Было цёпла і чыста. Выпівалі і закусвалі варанай бульбай і селядцом з цыбуляй.
Студзень 2025 г.
ПАВУК
Жанчына прыйшла дамоў. Памыла рукі.
Паставіла на пліту чайнік. Пазваніла мужу.

– Ты дзе?
– А што такое?
– Калі ты будзеш?
– Дзе?
– Дома!
– Дык я ж тут, дома, – прагучаў упэўнены адказ.
– Дзе ты, не жартуй… – жанчына прайшла па кватэры, зазірнула ва ўсе пакоі, выйшла на лоджыю. – Табе больш няма чым заняцца?
– Я ў спачывальні.
– У спачывальні… Няма тут нікога.
– А я цябе бачу, ты пастрыглася… Ты толькі не хвалюйся, але я ў павука ператварыўся…
– Што, у якога яшчэ павука?.. А як ты па тэлефоне гаворыш?
– І тэлефон у мяне маленечкі, але чуваць выдатна. Паглядзі, я на камодзе, побач з тваім халатам.
Жанчына падышла да ложка і пачала прыглядацца. Асцярожна кранула халат. На камодзе быў маленькі павучок.
– Ох! – сказала яна спалохана, выйшла са спачывальні, узяла ў шафе малаток вярнулася да камоды і ўдарыла малатком па павуку, па чорнай кропцы. Скінула на падлогу. Павукоў і мышэй яна панічна баялася.
Пайшла на кухню, наліла ў кубак кіпню і апусціла ў яго пакецік з яркім цэтлікам. Усміхнулася. Зрабіла глыток і задумалася пра сапсаваныя адносіны з мужам. Сказала ціха:
– Цікава, адкуль ён ведае, што я пастрыглася?
Набрала яго нумар. У спачывальні заблямкаў мужаў смартфон.
Забіты мужчына ляжаў на падлозе ў лужыне крыві. Смартфон у ягонай руцэ блямкаў і блямкаў.
Міліцыя ў гісторыю з павуком не паверыла.
Дактары ж сказалі, што такое бывае… Трэба разбірацца.
Студзень 2025 г.
НА КАЛЯДЫ
Мы з бацькам прыехалі ў вёску ў пятніцу. Павячэралі і леглі спаць. Раніцай, яшчэ цёмна было, дзед нас пабудзіў.
Свіння была вялікая, але я яе не ведаў. Вучыўся ў Мінску, у мастацкім вучылішчы, на трэцім курсе.
Забілі тую свінню хутка і спрытна. Усклалі на дошкі пасярод двара, самі, стомленыя і ўзбуджаныя, прыселі на сталюгу пад сцяной хаты… Курылі і маўчалі.
Я падняўся папіць вады. Мая баба Наталля сядзела на ўслончыку побач з вялікай свіннёй. Чухала яе вуха, а ў левай руцэ трымала храпку.
Я піў ваду і глядзеў з вакна сенцаў на бабу. На яе рукі, на свінню, яшчэ не смаленую, на храпку – белую як снег…
Нешта, словамі не перадаць, я тады адчуў, і нават зразумеў, але ні тады, ні сёння, я не змагу расказаць сэнс убачанага і адчутага…
Потым прыехаў дзядзька Іван з жонкай, маці (яны ехалі на першым аўтобусе). Салома, агонь, нажы, вялікія чыгуны з гарачай вадой, кроў, шэрыя начоўкі, у якіх яшчэ мяне купалі, вантробы, сала…
Смех, мітусня, і пайшоў снег…
На імгненне ўсё спынілася, згасла, сцішэла… Мне падалося, што сняжынкі перасталі падаць, а вісяць на нябачных нітках.
Баба Наталля зачыніла вялікія дзверы ў хлеў…
ПРА КАХАННЕ
Не малюецца, не пішацца… Бяру тэлефон… Гудкі, гудкі, а потым знаёмы голас:
– Здароў! Ты што, у вёску прыехаў?
– Не, я ў Мінску. Ты дома? Гаварыць можаш?
– На возеры… Гаварыць магу. Рыба не ловіцца… Заўчора добра бралася, а сёння не хоча… Дваццаць дзірак пракруціў і ні разу не торкнула…
– Бывае… – кажу радасна.
Перад вачамі далёкае возера. Белае, амаль бясконцае. На лёдзе мой сябар. Ён прыціскае да вуха тэлефон, а ў правай руцэ кароткая чырвоная вуда з белай катушкай. Ён узмахвае рукой, і ў глыбіні танцуе залацістая блешня… Ён расказвае вясковыя навіны. Пра тое, як на далёкім возеры праваліліся пад лёд полацкія рыбакі… Тое возера далёка, мы з ім там былі пазамінулым летам… Расказвае пра хваробы, пра аленяў і мядзведзя ў нашым лесе… Пра слабы лёд… Слухаю і зайздрошчу.
– Уяўляеш, на возеры нікога. Я адзін… І пад тым берагам быў, і пад лесам спрабаваў, і каля рэчкі – паўсюль цішыня… А, во, шпакі на лёдзе… Прыляцелі, дурні… Відаць пацяплее… А сёння зябка, ветрана.

Вецер, я ў тэлефоне чую, скавыча.
– А ты калі прыедзеш?
– Прыеду…
– Як жонка?
– Па- рознаму.
– Во, бляха, нехта па лёдзе ідзе, па маіх слядах, ад шашы…
– Хапае дурняў, ты не адзін!
– Здаецца баба прэцца…
– …
– Гэта ж мая Нінка… Я табе перазваню, можа здарылася нешта. Пайду насустрач, а то яшчэ ўваліцца, дурніца…
Праз паўгадзіны Андрэй перазваніў.
– Мая прыходзіла…
– Нешта здарылася?
– А нічога не здарылася… Я тэрмас на стале забыўся, а яна прынесла…
– Ні фіга сабе!… Да возеры тры кіламетры ад твайго дома.
– Тры з паловай… – задаволена ўдакладняе Андрэй.
Cакавік 2025 г.
ПАД КАПІРКУ
Машыністка сказала па тэлефоне, што папера ў яе ёсць – выдатная, але капіркі бракуе. Разам з рукапісам прынёс і стосік чорнай капіркі. Усё ў кватэры высокай старой у вязанай сіняй кофце паверх доўгага халата было такім жа, як і яна сама.
Бурачкова-жоўтыя трамваі праязджалі па вуліцы Чырвоная, шыбкі ў пакоях трымцелі.
Праз два дні, калі прыйшоў забіраць перадрукаваныя апавяданні і разлічыўся, гаспадыня прапанавала выпіць чаю. Прынесла з кухні імбрычак, цукар, вазачку з пячэннем і два кубкі. Наліла, закурыла папяросу, памахала запалкай, і мне дазволіла. Я дастаў цыгарэты. Яна падсунула алюміневую попельніцу з вінаграднай гронкай адціснутай на донцы.
“Не надрукуюць апавяданне пра каханне… – сказала, зацягнулася. Вочы нафарбаваныя прымружыла зморшчанымі павекамі, адкінулася на высокую спінку старога фатэля. – Колькі вам гадоў?”

– Дваццаць пяты.
– Што вы такі малады можаце пра яго ведаць… Пра грыбы надрукуюць, а пра каханне – не!
Папяроса калацілася, попел упаў на падлогу, але старая жанчына і не заўважыла, а пачала пастукваць “беламорынай” па краі попельніцы.
Я хацеў запярэчыць і пачаць гаварыць пра Багдановіча, Лермантава і шмат пра каго яшчэ, хто ў маладыя гады здолеў напісаць пра каханне, але змаўчаў.
– Давайце я вам нешта пакажу. Я гэта нікому даўно не паказвала, а вам пакажу, вы ж – на мастака вучыцеся.
Яна паклала папяросу і ціха, з асцярожнасцю, падалася да высокіх філёнчатых дзвярэй у спачывальню. Запаліла там святло. Грувасткая шафа з люстэркам, вузкі ложак, тумбачка, два крэслы, столік з рознымі шклянкамі. Над засланым ложкам вісела палатно, сто сантыметраў на восемдзесят. На ім аголеная. На чорна-сінім фоне бела-залатая меднавалосая дзяўчына…
Па вуліцы Чырвонай праехаў трамвай. Шыбы звінелі доўга.
– Гэта я… Падабаецца!
– Вы?
Розніца паміж выявай на палатне і старой у сіняй кофце такая, як паміж чыстым аркушам паперы, да якога так і хочацца дакрануцца, і пакамечаным, брудным, запэцканым і падраным. Куды ўсё падзелася: колер, пругкасць, шыя, плечы, грудзі, жывот… Кучаравыя кудзеры, бліскучыя вочы…
– Ён мяне моцна кахаў. Гэта ж відаць! Жыць без мяне не мог.
Я ўздыхнуў…
– Ён прапанаваў распрануцца, я і распранулася… Усё ў мяне з ім было. Два тыдні… І чым я яму не дагадзіла… Ён мяне кінуў і паехаў у Маскву, а я чакала… Потым вайна пачалася, а я ўсё чакала… У сорак шостым бачыла яго з жонкай. Сказала, што ў мяне захавалася палатно. Ён пачырванеў, прашаптаў, што я – курва… Больш яго не бачыла. Потым тройчы замуж выходзіла, але гэта ўсё не тое, і зусім не так было…
Яна пайшла са спачывальні, а я застаўся перад палатном з выявай аголенай дзяўчыны. На палатне меўся подпіс і дата. Але і без подпісу я пазнаў руку вядомага мастака. З пакоя пачуўся ціхі звон шкла.
– Дапамажыце даме шампанскае адкаркаваць, малады чалавек. – Старая машыністка трымала на руках цёмную бутэльку. – Цяпер вы разумееце пра што я?
Я тады не разумеў, пра што яна спрабуе сказаць. Палатно на сцяне спачывальні абазваў “Голая старая”.
Апавяданне пра каханне надрукавалі, а пра грыбы вярнулі. Яно час ад часу трапляецца на вочы, калі перабіраю старыя рукапісы. Выдатная папера, нават не пажаўцела.
2017 – 2025 гг.
НЯСКОНЧАНАЕ АПАВЯДАННЕ
Мы прыехалі ў вёску ў пятніцу, пад вечар. У суботу, як толькі паснедалі, пачалі разбіраць замёт. Выкінулі ніжнія бярвёны, якія спарахнелі, узяліся замяняць іх на новыя. Працавалі без перапынкаў. Мералі, пілавалі, падымалі і апускалі ў пазы старых дубовых шулаў. Пару разоў пакурылі.
– Бачыш, разам лягчэй… Каб я адзін гэта рабіў, дык два дні б сышло. Добра што ты пад’ехаў…

Гэта была восень 85 года. Вясной я прыйшоў з войска. Прыехаў да бацькоў. Ні дзеда, ні бабы ўжо не было. Вясковая хата ператварылася ў лецішча. Грады, трохі бульбы, сад і хата з падворкам, якія патрабавалі бясконцых клопатаў.
Стаміліся. Прыбралі ў двары. Памыліся. Вада напампаваная з калонкі ў начоўкі яшчэ раніцай, паспела нагрэцца. Бацька прапанаваў схадзіць у грыбы. Назбіраць, а потым насмажыць з цыбуляй – вялікую патэльню.
Пераапрануліся. Бацька прынёс з сенцаў гумовыя боты, але я абуў дзедавы сандалі. Боты мне і ў войску абрыдлі.
Грыбоў амаль не было. Нават у тых месцах, дзе яны раслі заўсёды. Прайшлі па дубах – нічога. І ў маладым сасонніку іх не было, і ў бярэзніку… Пайшлі ўглыб лесу. Там і вырашылі браць усё што трапіцца. Калі выходзілі на дарогу, то ў вялікім кошыку было: жменя лісічак, колькі маслякоў, з дзясятак яркіх сыраежак, пара абабкаў, стары, але чысты падасінавік і адзін баравічок з трэснутай шапкай. Баравічок знайшоў бацька.
– Суша. Не растуць… Як пасмажыць, то не, а на суп хопіць. Будзеш суп?
– Ага, яшчэ і заўтра будзем есці.
Тады, за дубамі, на лясной дарозе, бацька сказаў:
– Такой парой партызаны забралі ў нас карову… Каня забралі ў сорак другім, а праз год – карову… Бацька іх угаворваў, казаў што яго старэйшыя сыны ваююць… Тады мы яшчэ не ведалі, што Коля і Павел загінулі ў Ленінградзе. Партызаны бацьку не паслухалі. Галоўны паглядзеў на дзяцей, а іх было чацвёра, я самы большы… І сказаў, каб я ішоў з імі – дадуць мяса. Карову прывязалі да калёс, там ляжаў і стагнаў паранены хлопец, і пайшлі. Зайшлі ажно за Пахар. Там, у лесе, яны нашу карову зарэзалі. Мне далі галаву і сказалі каб нёс яе дамоў. Я прынёс яе ноччу. Стаміўся… Тая зіма была самай галоднай.
Гадоў праз трыццаць я некалькі разоў спрабаваў напісаць апавяданне пра хлопчыка, які нясе рагатую галаву каровы. Нясе праз цёмны лес. Пісаў-пісаў, але не атрымлівалася, не складалася. Тыя тэксты і сёння захоўваюцца ў старым кампутары. Я параўноўваў цень хлопчыка на дарозе з мінатаўрам. Мокрую траву са шклом…
Цяпер думаю, а ці была тая ноч светлая, месячная? У што быў апрануты хлопчык? Няма фотаздымкаў майго бацькі ў падлеткавым узросце. Якая была кепка? Босы ён быў, ці ў нейкіх чаравіках. Якая кашуля пад пінжаком, і ці была тая кашуля? Як выглядала карова, як яе звалі? Не ведаю ні прозвішчаў, ні імёнаў тых партызанаў. Як не ведаю і колькі іх было.
На выгане пасвілася рабая карова і шэры конь.
Перабралі грыбы. Прыгожы баравічок аказаўся чарвівым і мы яго выкінулі, са шкадаваннем. Я расклаў вогнішча, а бацька адкапаў колькі бульбін, абскроб, парэзаў. Прынёс чорны чыгунок і паставіў на трыногу. Увесь час мы маўчалі, грыбны суп закіпеў. Сядзелі і глядзелі на полымя. Смачна пахла дымам і грыбамі.
– А давай яшчэ сала пасмажым, – прапанаваў бацька і падняўся. – З цыбуляй… Гэта ж хутка?
– Як сабе хочаш.
Ён пайшоў у дом, бо яму хацелася мне дагадзіць, а я застаўся ў шляшку, пад яблыняй, пры вогнішчы, на лаве, пры чорным чыгунку з грыбным супам. Жалезная трынога, пад ёй слабенькі агонь, трэскі, вінны водар яблыкаў, дыму, травы і яшчэ цёплай восені. Я выкалаціў цыгарэту, прыпаліў ад сухой травінкі, выдыхнуў смачны блакітны дым і стаў глядзець у неба, на лес, за які хавалася сонца, і прыслухоўвацца да сваіх думак.
Праз паўгадзіны мы сядзелі за сталом і елі гарачы грыбны суп. Выпілі па чарцы гарэлкі, закусілі смажаным салам. Зрабілася лёгка і ўтульна. Бачылі праз акно, як суседка павяла карову, шэры конь застаўся на выгане. Талеркі вырашылі не мыць, бо супу засталося і на заўтра.
Выйшлі ў двор і закурылі. Бацька паглядзеў на мяне і сказаў ціха і, як мне падалося, з усмешкай:
– Дарма я тую галаву нёс… Дзед яе закапаў… Язык партызаны выразалі сабе…
– Во як… І нашто ты мне гэта ўсё расказаў?
– А каму мне яшчэ расказаць?
14.02.2026 г.
ДЗЕСЯЦЬ ЗАПАЛАК
Стасік прыклыпаў у гастраном пад закрыццё, познім восеньскім вечарам. За прылаўкам стаяла Светка. Непрыгожая, але дзёрзкая. Стасік павітаўся, пастукаў карткай “Віза”, папрасіў бутэльку гарэлкі, атрымаў, схаваў запазуху, хацеў сыходзіць, але спахапіўся.
– Пардон, дайце яшчэ і запалкі.
– Няма… Скончыліся… Разабралі… Прыходзь раніцай, склад зачынілі.
Стасік паглядзеў на Светку так, што тая, да ўсяго звыклая, не вытрымала, матлянула галавой. Яна ведала Стасіка як і ўсіх сталых пакупнікоў-п’яніц, бо ён ці не штодня бываў у гастраноме. І ў гэты момант яна яго пашкадавала. Выцягнула з кішэні свой карабок запалак, адлічыла дзесяць штук, высыпала на прылавак.
Мужчына разгублена міргаў, глядзеў то на прадавачку, то на запалкі, то на сваю картку.
– Да раніцы табе хопіць.
Стасік сабраў непаслухмяныя запалкі і выйшаў з маленькага гастранома пад халодны дождж. Пасля таго вечара жыццё непрыгожай прадавачкі і ціхага алкаголіка Стася змянілася. Паміж пяцідзесяцігадовым, невысокім мужчынам з сіваватай мушкецёрскай бародкай і танканогай саракагадовай Светкай з непрыгожым тварам усё і адбылося.
Праз дзень яны курылі на дзіцячай пляцоўцы, а потым Светка сядзела на арэлях і гучна смяялася, чуваць той смех было і праз скрыгат жалеза. Стасікава галава паварочвалася. Ён сачыў за сваёй жанчынай, як за маятнікам вялікага гадзінніка. Здавалася, што і яго ногі ў разбітых красоўках вось-вось адарвуцца ад засыпанай лісцем зямлі і ён паляціць у бэзавае неба, цёмнае і глыбокае…
Яны гулялі побач з новабудоўляй, побач з ракой, трымаліся за рукі. Стасік і кульгаць перастаў, і быў ён без чорнай кавенькі. Светка папрыгажэла і паспакайнела. Не сварылася з пакупнікамі без дай прычыны, а ўсміхалася і выбачалася, калі нешта ішло не так…
Вясной, калі ў двары гастранома салодка запахла бэзам, Светка пераехала да Стасіка. Тут і да працы блізка, і да любімага чалавека.
Прайшла вясна, мінула і лета. У жніўні яны скончылі рамонт, паклеілі шпалеры, памянялі сантэхніку, нешта з мэблі… Стасік змяніўся, калі і выпіваў, то толькі са Светкай. Абсалютна непадобныя, вельмі розныя людзі – прыляпіліся адно да аднога, зрабіліся нават падобнымі. Ён сустракаў яе па вечарах, падхопліваў торбу з ежай, і яны ішлі дамоў…
Толькі ў песнях шчасце бывае доўгім, а ў жыцці ўсё інакш. Стась захварэў, трапіў у бальніцу, там і высветлілася што ў мужчыны анкалогія. Аперацыя і ўсё, што рабілі дактары, хворага не ўратавала. Светка звольнілася з працы і тры месяцы даглядала Стася…
Пасля пахавання яна з’ехала з гэтай кватэры.
Праз два гады я сустрэў Светку на другім канцы горада. Яна была нападпітку, растрапаная і змрочная. Пазнала мяне. Папрасіла цыгарэту. Я клацнуў запальнічкай, але жанчына адвярнулася спінай да ветру, выцягнула з кішэні карабок запалак і закурыла.
05.02.2026 г.
БОЖЫ ЧАЛАВЕК
Восеньская раніца. Дождж. Вецер. У аўтобусе, які спазняецца, але не спяшаецца, цёпла. Пахне яблыкамі, дажджом, вёскай і быццам свежай бражкай…
З навакольных вёсак і вёсачак людзі едуць у раён – там cёння базар, там крамы, там справы, там бальніца, паліклініка, міліцыя, суд, пракуратура, улада. Там шматлюдна, шумна, тлумна, там сапраўдная жыццё, як думаюць некаторыя вяскоўцы.

Размаўляюць у аўтобусе гучна, бо рухавік гудзе, аўтобус калоціцца і грукоча на выбоінах шашы.
Побач са мной, праз вузкі праход, далёка немаладая цётка і прыкладна такі ж дзядзька.
Я гляджу на вушацкія краявіды ў запырсканым дажджом акне і слухаю чужую размову, вядома ж гучную. Спачатку цётка расказвала пра варэнне з парэчак, якое смачней за той мармелад, потым пра тое, што лісічак было добра, але прымалі сёлета танна, не заробіш, а таму яна кансервавала маладзенькія грыбы, і атрымалася ці не паўсотня паўлітровых слоікаў.
– А я не люблю лісічкі… Мне яны нясмачныя.
– Скажаш ты… – гучыць пакрыўджана.
– Ну, можа толькі калі пасмажыць з бульбай і цыбуляй, ды з кіслай капустай… – крыху задуменна разважае дзядзька. – Як у цябе бульба, Наста?
– Як ва ўсіх.
– А ў мяне добрая, свіной амаль няма.
– Андрэй, ты – божы чалавек, а таму і бульба ў цябе добрая. – Упэўнена прамаўляе жанчына.
Мужчына на такі камплімент папраўляе рабую кепку, крышку ссоўвае на патыліцу і задаволена мружыцца. Жанчына дакранаецца да яго рукі і паведамляе:
– Мяне праз тыдзень дачка забярэ… А вазьмі на зіму маю кошку. Такая добрая кошка, і не расказаць.
– У мяне сваіх чатыры.
– Дзе чатыры, там і пяць… А я табе лісічак дам, бутэльку прынясу.
– Я не п’ю, ты ж ведаеш.
– Божы ты чалавек! Усім дапамагаеш, дапамажы і мне. Я б не паехала, але зіма доўгая, а дроў зусім мала.
– Слухай, Наста, а заставайся тут зімаваць… Дроў я табе прывязу. Трактар у мяне свой. Чуеш!
– А дровы якія, паколатыя, ці бярвеннем? Калі бярвеннем, то хто мне калоць будзе?.. У горадзе цёпла і светла, сядзі ды ў вакно на людзей глядзі.
– Я паб’ю твае дровы, а табе толькі скласці. Мы ж з тваім Шуркам сябравалі, да дзевак хадзілі…
– Не, Андрэй, паеду да дачкі… А кошка мая старая, калі і прападзе – хто яе будзе шкадаваць… Тую зіму ў суседкі жыла, а цяпер жа Марусі няма. У горадзе што яна будзе рабіць? Яна не прывучаная да такога жыцця. Ёй воля трэба, а там чатыры сцяны і людзі за вакном, як мурашкі. Сёмы паверх, лічы, на небе сядзіш.
– Глядзі, глядзі – алені бягуць! – ускінуўся дзядзька, і вочы яго заблішчэлі.
Людзі ў аўтобусе перасталі гаманіць і пачалі глядзець, як па зялёным полі беглі алені – два вялікія, а трэці меншы. Малады ледзь паспявае за бацькамі.
Аўтобус каціўся. Алені беглі, пакуль не схаваліся за рудымі кустамі на ўзлеску.
27 кастрычніка 2025 г.
Фота аўтарства Уладзіміра Сцяпана





![Шапран выдаў манаграфію “Быкаў. [Пра] мастацтва”](https://bellit.info/wp-content/uploads/2026/07/746003003_3461470060687041_6784350007652796489_n-90x60.jpg)
