Паэтка Кацярына Масэ выдала кнігу пра метафізіку творчасці

Паэтка Кацярына Масэ напісала кнігу пра метадалогію і метафізіку творчасці з назвай “Плод дрэва тварэння”. Выданне выйшла з друку ў менскім выдавецтве “Чатыры чвэрці”.

“Здольнасць тварыць: спазнаўшы аднойчы гэты смак, на яго немагчыма забыцца, немагчыма не шукаць яго паўсюль, бо ён робіць нас тымі, хто мы ёсць. Плод, сабраны з дрэва тварэння, прарастае з глыбінь нашай уласнай душы новым непаўторным дрэвам, якое дае новыя непаўторныя плады паводле яе вобразу і падабенства. У гэтых пладах – нашыя сэнсы, светабачанне, пачуццё красы”, — піша аўтарка ва ўступным слове.

“Часам усё адбываецца лёгка і з радасцю, часам – праз боль творчых намаганняў. Але перажыванне таго, як штосьці, што яшчэ нядаўна было толькі эфемернай мыслю, прарываецца скрозь мяжу быцця і нябыту і апынаецца ў нашых руках, змушае пачынаць зноў і зноў. Бадай, смак гэты падараваны нам, каб мы, творцы, маглі трошкі наблізіцца да самога Творцы. І калі, пакаштаваўшы плод пазнання дабра і зла, мы страцілі рай, то ці не можам з дапамогай плода з дрэва тварэння зноў яго здабыць? Або стварыць?

Гэтая кніга – спроба асэнсаваць самыя розныя грані творчага працэсу і падтрымаць творцаў на іхным складаным і пакручастым, але, безумоўна, надзвычайным і вельмі шчаслівым шляху”.

Кнігу можна набыць у кнігарнях Менску, напрыклад, у “Акадэмічнай кнізе”.

Загалоўнае фота Facebook.com