З’явіўся сайт з аўтэнтычнымі аўдыязапісамі народных казак

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі запусціў партал “Беларускія народныя казкі”, на якім размешчаныя аўтэнтычныя запісы казак, якія можна не толькі чытаць, але слухаць.

Сайт паўстаў, як вынік рэалізацыі шматгадовага праекта “Беларускія народныя казкі: сюжэтная шматстайнасць, каталагізацыя, сучасныя інтэрпрэтацыі”. Мэта праекта — актуалізаваць традыцыі народнай казкі як інструмента фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці і выхавання павагі да фальклорнай спадчыны беларусаў у сучасным інфармацыйным грамадстве.

Кіраўніца праекта і аўтарка тэкстаў — Таццяна Валодзіна, падрыхтоўка гука казак — Дзмітрый Давыдаў, падрыхтоўка тэкстаў казак — Ала Сідаровіч, мастачка — Аксана Навасёлава, вэб-дызайнерка — Эліза Белаусава, праграмістка — Дар’я Крыварот.

Арыгінальныя запісы казак выяўлялі ва ўсіх магчымых архівах і сховішчах. Была праведзена пошукавая праца па каталогах важнейшых архіваў Масквы і Санкт-Пецярбурга па выяўленні рукапісаў. Так, сярод россыпу адзінкавых тэкстаў, каштоўных ужо фактам сваёй фіксацыі ў ХІХ стагоддзі, аўтарам праекта ўдалося займець копіі вельмі важных дакументаў. Таксама была праведзена грунтоўная пошукавая праца ў архівах краіны. Да друку падрыхтаваныя тры важкія тамы анталогіі “Беларускія народныя казкі”. Складзена падрабязная бібліяграфія, а ўсе казкі класіфікаваныя для зручнасці.

“На гэтай інтэрнэт-старонцы прадстаўлены запісы казак супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі з канца 1960-х да 2000-х гг. Аўдыязапісы падаюцца разам з расшыфроўкай і пашпартам, дзе адзначаны дадзеныя пра апавядальніка, збіральніка, месца фіксацыі, захоўвання запісу і магчымай публікацыі. Казкі раскласіфікаваныя па асноўных жанравых групах”, — гаворыцца ў апісанні праекта.