Выйшла новая кніга паэта Янкі Лайкова

Паэт і літаратуразнаўца Янка Лайкоў падзяліўся навіной пра выхад новай кнігі вершаў у серыі “Брукаванка” выдавецтва “Полацкае ляда”. Кнігу “Песьні зьбянтэжаных рэк” складаюць выбраныя тэксты літаратара за апошнія больш чым два дзясяткі гадоў.

Янка Лайкоў нарадзіўся 10 верасня 1979 году ў вёсцы Мётча на Барысаўшчыне ў сям’і настаўнікаў-філолагаў. Вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2006 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (аддзяленне “літаратурная работа”, спецыяльнасць “тэатральная драматургія”). Працаваў загачыкам аддзелаў, аглядальнікам рэдакцыі ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” (Менск), у часопісе “Маладосць” (Менск), журналістам і рэдактарам на фрылансе, на аўтазаправачнай станцыі.

Аўтар вершаў, прозы, літаратуразнаўчых артыкулаў, перакладаў. Раней выходзілі зборнікі паэзіі – “Логіка пасткі” (2000) і “Вогнепаклоннік” (2003). Вершы перакладаліся на ангельскую, украінскую, польскую мовы.

Перакладае паэзію з украінскай і польскай моў. Адзін з укладальнікаў і перакладчыкаў анталогіі сучаснай паэзіі Заходняй Украіны “На мове душы і сэрца”. Аўтар шэрагу крытычных артыкулаў, прысвечаных сучаснаму літаратурнаму працэсу ў Беларусі. Напісаў і абараніў магістарскую дысертацыю на тэму “Постапакаліптычны сюжэт у сучаснай беларускай прозе”.