У выдавецтве Варшаўскага ўніверсітэта дбаннямі Кафедры Беларусістыкі ў канцы 2025 году выйшла з друку манаграфія літаратуразнаўцы, культуролага і даследчыка Андрэя Масквіна “Беларускія эміграцыйныя часопісы: «Пагоня», «Сакавік» і «Наперад!»”.
Кніга прысвечана тром беларускім перыядычным выданням, якія выдаваліся беларусамі-эмігрантамі ў Германіі, Аўстрыі і Вялікабрытаніі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
Выхад “Пагоні” ініцыяваў паэт Алесь Салавей у Зальцбургу (Аўстрыя) у 1945—1946 гадах; “Сакавік” выдаваўся з ініцыятывы Антона Адамовіча ў 1947—1948 гадах у Германіі; а “Наперад!” заснавала група маладых людзей (друкаваўся ў Вялікабрытаніі і Бельгіі з 1948 па 1953 год).
Доктар Генрык Душыньскі-Карабаш (Henryk Duszyński-Karabasz) з Універсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы піша пра кнігу так:
“Манаграфія прафесара Андрэя Масквіна „Беларускія эміграцыйныя часопісы: «Пагоня», «Сакавік» і «Наперад!»”, першапачаткова апублікаваная на польскай, а пазней на беларускай мовах у 2025 годзе, з’яўляецца часткай цэлага шэрагу даследаванняў, прысвечаных беларускай эміграцыі ў ХХ стагоддзі. <…> Як паляк, які ўжо пяць гадоў вывучае беларускую мову, літаратуру і культуру на акадэмічным узроўні, я магу сказаць, што гэтая публікацыя — адна з тых прац, якія пашыраюць мой кругагляд адносна беларусаў.
Манаграфія даследуе малавядомую мастацкую творчасць бежанцаў (ДП) з беларускіх зямель у заходніх краінах пасля Другой сусветнай вайны. Сярод іх была эліта, у тым ліку лекары, настаўнікі, выкладчыкі, грамадскія актывісты, мастакі і вайскоўцы. Як адзначае Масквін, беларуская інтэлігенцыя праводзіла палітычную, адукацыйную і культурную дзейнасць для развіцця беларускай ідэнтычнасці ў выгнанні.
Рэдка ў навуковых публікацыях аўтар падрабязна апісвае метад збору матэрыялаў, выходзячы за рамкі сухога, інфарматыўнага апісання. У гэтай манаграфіі Масквін ярка і займальна апісвае свой досвед зносін з айцом Аляксандрам Надсанам, прадстаўляючы яго рысы характару і выяўляючы яго як асобу. Адлюстраванне адносін паміж аўтарам і захавальнікам архіву дазваляе нам – прынамсі ў пэўнай ступені – акунуцца ў атмасферу творчасці аўтара. Я вельмі цаню такія меркаванні ў публікацыях.
Трэцяя частка манаграфіі, прысвечаная гісторыі часопіса «Наперад!», найбольш прыцягнула маю ўвагу. Проза і паэзія, якія ў ёй змяшчаюцца, надзвычай захапляльныя. Але найбольш зацікавіла мяне публіцыстыка. Публіцыстычныя тэксты з’яўляліся ў кожным нумары, а іх аўтары імкнуліся закрануць важныя для беларускага моладзі (але не толькі для іх) пытанні: падтрыманне сувязяў з Беларуссю, наладжванне новых сувязяў за мяжой, стварэнне і ўдзел у дзейнасці беларускіх грамадскіх і прафесійных арганізацый.
Я лічу, што даследаванні перыядычных выданняў беларускага замежжа неабходныя сёння, бо на нашых вочах пасля падзеяў 2020 году мае месца новая хваля эміграцыі. У будучыні можна будзе вывучаць і сучасныя творы беларускага замежжа, у тым ліку ў Польшчы”.






