Выйшаў штогадовы гарадзенскі альманах “Новы замак”

Напярэдадні Новага года выйшаў з друку 14-ы нумар штогадовага гарадзенскага літаратурнага альманаха “Новы замак”. У выданні публікуюцца літаратурныя творы творцаў з Гарадзеншчыны.

Адкрывае альманах раздзел з паэзіяй Святланы Адамовіч, Дануты Бічэль, Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Міколы Канановіча, Альжбеты Кеда, Віктара Сазонава, Станіслава Судніка, Янкі Трацяка.

Рубрыка “Проза” знаёміць чытачоў з творамі Сяргея Чыгрына, Янкі Трацяка, Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Альжбеты Кеда і Віктара Сазонава.

Галіна Самойла ў раздзеле “Літаратуразнаўства” разбірае формы вершаў уласнай кнігі ў артыкуле з назвай “Зоркі над Маўклівай адзінотай, або Сама сабе крытык”.

Не абыйшоў “Новы замак” увагай і літаратурную спадчыну. Чытачы знойдуць на старонках альманаха творы Юры Карэйвы, Юры Гуменюка, Андрэя Пяткевіча, Едруся Мазько і інш.

Валянцін Дубатоўка і Леанід Лаўрэш падзяліліся ўспамінамі пра краязнаўца Валерыя Петрыкевіча з Дзятлава і пра страчаныя цывілізацыі Гайцюнішкаў і суседніх Падварышкаў з Воранаўскага раёна.

У памяць паэта Мечыслава Курыловіча надрукавана падборка яго вершаў, а таксама шэраг матэрыялаў альманах апублікаваў з нагоды 115-годдзя Апанаса Цыхуна, пра постаць якога ўспамінаюць напісалі Пётр Цыхун, Іван Буднік, Сяргей Чыгрын.

На старонках выжання чытачоў чакаюць і іншыя цікавосткі.