Фонд Kamunikat.org аддаў у друк аповесць Аляксея Карпюка “Вершалінскі рай”, якая ўпершыню пабачыла свет у 1974 годзе. Кнігу можна замовіць проста цяпер, а высылка асобнікаў пачнецца пасля 15 снежня.
Падзеі апісаныя ў аповесці Аляксея Карпюка “Вершалінскі рай” адбываюцца ў вёсцы Грыбоўшчына на Сакольшчыне, непадалёк Крынак, у Заходняй Беларусі. Селянін Ілля Клімовіч аб’явіў сябе прарокам і неўзабаве вакол яго сабралася група людзей, якія стварылі легенду пра другога, пасля Хрыста, пасланніка Бога да грэшных людзей на зямлі. Весткі пра цуды за справай малітваў Клімовіча хутка разышліся па ўсёй Заходняй Беларусі, Віленшчыне і Валыні.
Гэта аповед пра беларускае сялянства ў Польшчы міжваеннага перыяду. У кніжцы паказаныя сапраўдныя вёскі і мястэчкі, сапраўдныя людзі і самае цікавае — іхны менталітэт.

“Праваслаўным” была асоба, якая мела пачуццё адрознасці ад каталікоў — вернікаў “польскай веры”. Камуністы, якія атакавалі духавенства і Царкву, не пераставалі называць сябе праваслаўнымі. Аповесць Аляксея Карпюка вельмі дакладна прадстаўляе поўныя супярэчнасці светапогляды беларускага сялянства.
Дагэтуль у Грыбоўшчыне стаіць царква, пабудаваная Клімовічам. Cам “прарок” пасля савецкай агрэсіі ў 1939 годзе быў арыштаваны ў вёсцы Паўлы і вывезены ў Сібір, адкуль ужо не вярнуўся ў свой Вершалін. Ёсць, праўда, і іншая версія яго смерці: што яго расстралялі на Беласточчыне як “прадстаўніка буржуазнага ладу ў рамках гістарычнай справядлівасці”. Аднак гэта здаецца менш імаверным.
Раней “Камунікат” выдаў “Вершалінскі рай” Аляксея Карпюка ў фармаце аўдыёкнігі ў дзвюх частках, даступных бясплатна на шэрагу пляцовак, у тым ліку на YouTube. Кнігу з музыкай Аляксандра Ясінскага выдатна агучыў Віктар Сямашка.






