Новая кніга вершаў Мікіты Найдзёнава

У выдавецтве “Янушкевіч” выйшла новая кніга вершаў паэта Мікіты Найдзёнава з назвай “Праспект Нежалезнасці”. Зборнік уключае найлепшыя, пераважна лірычныя вершы, што напісаліся аўтарам з часу выхаду дэбютнай кнігі “Развітанцы” (2015).

Рэдактарам кнігі выступіў паэт, перакладчык і выкладчык Андрэй Хадановіч. Мастацкае афармленне — Лізавета Лянкевіч.

“Праспект Нежалезнасці” — другі зборнік Мікіты Найдзёнава. Лірычны герой шпацыруе па бесклапотным Мінску, дзе няма і ценю настальгіі — спрэс каханне, творчыя пошукі і спрадвечныя праблемы “асобы тонкай душэўнай арганізацыі”.

Мікіта Найдзёнаў, выява з кнігі

***
Фантаны працуюць апошнія дні
апантана і дружна.
Фатальна гараць камізэлькі — агні
камунальнае службы.

Ім шчасце шукаць — як свае рукавы —
сярод смецця і лісця.
Сядаць на дванаццаты, саракавы,
каб на Оперным выйсці,

дзе подыхі лета штоноч халадней,
ну а восень — уяўней;
дзе оперы прывід стаіўся на дне
аркестровае ямы.

Такую сівую легенду наплёў,
нават сам і не ўспрыме,
а прыме не меней як сотку рублёў,
хай сабе і старымі.

Фантаны працуюць апошнія дні,
і ўзнікаюць аднекуль
фантомныя думкі што-небудзь змяніць
і не кінуць манетку.

Кнігу неўзабаве можна будзе замовіць праз сайт Knihauka.com.

Усе ілюстрацыі — LizaLiankevichArt.