Сяргей Дубавец у новым выпуску “Літаратурных зацемак”, падкаст-праекта спецыяльна для Bellit.info, апавядае пра кнігу ўспамінаў Мельхіёра Ваньковіча “Шчанячыя гады” і следам за аўтарам разважае пра сялян і “паноў” на самым зыходзе эпохі апошніх у першай палове ХХ стагоддзя.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, закляймёны ўладамі ў Беларусі як экстрэміст, апынуўся ў выгнаньні і, нарэшце, знайшоў час давяршыць калісьці пачаты ім пераклад з польскай на беларускую мову кніжкі Мэльхіёра Ваньковіча “Шчанячыя гады”. У апошнім сказе анатацыі Янушкевіч зрабіў выснову: “Успамінамі Мэльхіёра Ваньковіча калісьці натхняўся Ўладзімер Караткевіч. Так што задоўга да перакладу «Шчанячыя гады» сталі зьявай беларускай літаратуры”.
Зьява адметная тым, што Ваньковіч тут — паніч, прадстаўнік заможнага шляхоцкага роду — апісвае сваё дзяцінства. Гэта пачатак ХХ стагодзьдзя. Перад намі паўстае карціна маленства і юнацтва паніча ў тагачасным пана-цэнтрычным сьвеце. Пры тым, што беларуская літаратура — ад Багушэвіча, Купалы і ледзьве не да нашых дзён уяўляла сябе збольшага сялянскай. Вобраз пана падаваўся як вобраз ворага, прыгнятальніка, самадура… Творы, у якіх пан быў нэўтральным пэрсанажам, кшталту “Дзьвюх душаў” Максіма Гарэцкага, доўгія гады былі пад забаронай. Генэральна пан быў сацыяльна і клясава чужым “элемэнтам”, які падлягаў зьнішчэньню, што зь ім урэшце і адбылося. Ваньковіч апісвае апошнія часы, калі пан быў у цэнтры карціны сьвету — у беларускіх Калюжычах тады Ігуменскага павету, а сёньня Бярэзінскага раёну:
“Калі мяне, васьмігадовага, упершыню прывезьлі з Наватрэбаў у Калюжычы, дык вывелі да Міхея і грамадкі лесьнікоў.
Адбыўся акт прывітаньня з цалаваньнем рукі, рытуальнымі захапленьнямі, як я падобны да «нябожчыка пана», выказваньнем задавальненьня, што «наш паніч прыехаў у свой маёнтак».
Цяпер, калі прыгадваю гэтыя абрады з адлегласьці прамінулых гадоў і рэвалюцыі, я ведаю, што тыя людзі, якіх цяпер, магчыма, мучаць у «колхозах», былі шчырыя. У ладзе іх жыцьця, закладзеным стагодзьдзямі, «пан» быў гістарычнай неабходнасьцю, ён быў сонцам, вакол якога круцілася плянэтарная сыстэма некалькіх вёсак, быў крыніцай заробку і цьвярдыняй формаў жыцьця, да якога яны звыклі. Даўней, калі зьнікаў пан, згасалі і іх хатнія агмяні — іх зьмятала тая самая віхура. Калі б ня стала пана, беларус ня мог бы ўявіць сабе жыцьця.
— Дык як жа без паноў? — пыталіся яны самі ў сябе, поўныя зьдзіўленьня, калі пачуліся першыя подыхі рэвалюцыі.
Паны, вядома, былі і ажно да канца заставаліся клясам, што жыў зь сялянскай працы, якая, страціўшы свае звыродлівыя прыгоньніцкія формы, фактычна заставалася ў моцнай залежнасьці ад двара“.
Гэтую залежнасьць, гэты патэрналізм аўтар тлумачыць натуральнасьцю, гэта значыць — прыроднасьцю ладу жыцьця. Маўляў, “мы ж пакутуем ад сьпёкі, дажджоў і маразоў, а ўсё ж любім лета, восень і зіму, бо інакш і быць ня можа, бо гэта — частка нашага жыцьця”.
***
У краінах, што паўсталі на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай, “пан” трансфармаваўся па-рознаму. У Польшчы і Літве ён застаўся ў мове ветлівым зваротам да кожнага чалавека. У Беларусі ён яшчэ і сёньня фігуруе як гістарычнае словазлучэньне “польскія паны”, як азначэньне агрэсіўных прыгнятальнікаў сялянскага беларускага народу. Пры тым, што “польскія” тут значыць ня столькі ўласна пальшчызну, колькі сьвядомую антырасейскую настроенасьць тых паноў — з часоў анэксіі ВКЛ Расейскай імпэрыяй і пэрманэнтных антырасейскіх паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя. Беларусь апынулася паміж дзьвюх ідэалёгіяў — польскай і расейскай — і шукала сваю. З аднаго боку крышталізавалася беларуская незалежніцкая ідэалёгія, зь іншага — прарасейская ідэалёгія растварэньня ў расейскім сьвеце. Гэтае змаганьне ў поўнай меры працягваецца і сёньня.
Ваньковіч, які сканчае кнігу 1920-м годам і словамі “А вакол дыхае Польшча…”, стаў урэшце польскім пісьменьнікам і журналістам. Але гэтую ягоную Польшчу трэба ўспрымаць не як штосьці найперш этнічнае, а як паўстаньне, як працяг антырасейскіх паўстаньняў ХVІІІ і ХІХ стагодзьдзяў, як выбар паміж дзьвюма неспалучальнымі ідэалёгіямі: імпэрскай расейскай і незалежніцкай — польскай, літоўскай, беларускай.
Храналягічна моўная сытуацыя выглядала так. Ваньковіч піша:
“Сярод іншага на гарышчы, у старым куфры, запханым паперамі, я знайшоў пэргамэнт з уласнаручным подпісам караля Жыгімонта Аўгуста (ад 16 чэрвеня 1570 году), які надаваў Наватрэбам прывілей на валоданьне карчмою, — манускрыпт, напісаны па-беларуску, які пачынаўся словамі: «біў нам чалом чашнік наш»”.
На час таго манускрыпту гэта — зусім сабе беларуская Беларусь, якой яна і была ад самага пачатку. Афіцыйна гэта Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, дзе беларуская мова — як бы цяпер сказалі, адзіная дзяржаўная. І вось самы пачатак перамен. За год да прывілея на карчму, у 1569-м адбываецца падпісаньне Люблінскай вуніі, саюзу Вялікага Княства і Польскага Каралеўства. Утварэньне называлася Рэч Паспалітая. Гэта была насамрэч канфэдэрацыя дзьвюх дзяржаваў, а ня Польшча, як многія сабе ўяўляюць цяпер. Урэшце паступовая палянізацыя беларускіх элітаў прывяла да ўсталяваньня польскай мовы ў якасьці дзяржаўнай. Гэта адбылося ў 1696 годзе. Яшчэ праз сто гадоў, пасьля анэксіі Рэчы Паспалітай Расеяй, імпэрыя, натуральна, зрабіла дзяржаўнай мовай расейскую, польская стала апазыцыйнай мовай, а беларуская — народнай і таксама апазыцыйнай (напрыклад, у Кастуся Каліноўскага). І ў такім выглядзе ўсё гэта датрывала да пачатку ХХ ст., да часоў маладога Мэльхіёра Ваньковіча. А скончылася польска-савецкай вайной ў 1920-м, якая завяршылася падзелам на заходнюю Беларусь у складзе Польшчы і ўсходнюю — БССР. Далейшыя перамены — за межамі “Шчанячых гадоў”, таму іх я кранаць ня буду.
***
Аднак, вярнуся да таго пана-цэнтрычнага сьвету. Людзі, вядома ж, бываюць розныя, натуральна, розныя былі і паны, хоць нейкія статусныя рэчы ў адзеньні, манерах ці адукацыі іх і вылучалі сярод іншых, былі і адрозьненьні паміж імі самімі. Ваньковіч не прамінае гэтых асаблівасьцяў:
“Неяк майму бацьку ўдалося выпхнуць сваіх чатырох суседзяў на парыскую выставу, а сам ён паехаў на тыдзень пазьней. Засьпеў іх у Парыжы ў гатэлі… рэзаліся ў віст. Адразу прыехаўшы са свайго Ігуменскага павету, яны расклалі карты і аніводнага разу ня высунуліся на выставу”.
То бок як дома, так і ў Парыжы, адзінае, што іх займала, — карты. Міжволі падумаеш: паны, а як дзеці…
Яшчэ адзін момант, за які аўтар апраўдвае паноў, — “псаваньне дзевак”:
“Паданьне кажа, што прадзед Мэльхіёр езьдзіў па вёсках на вялікім белым кані і «псаваў дзевак».
Была ў гэтым і своеасаблівая карысьць — у навакольных вёсках спрэс трапляліся паўарыстакратычныя тыпажы, дый дабрабыт сялян падрос, бо пан меў шчодрую руку і значная частка ягонага маёнтка праз «эксдывізію» пайшла на алімэнты”.
Другая важная тэма ва ўсёй гэтай зьнікомай натуры — маёнтак або сядзіба, або двор. Беларусь тады і, бадай, адвеку была краінай двароў, цэнтрам якіх быў панскі дом, такая сабе “хата” на дзевяць ці болей фасадных вокнаў. А вакол — стайні, курнікі, пякарні… словам, канглямэрацыя ўсяго, што патрэбна для жыцьця. У мностве пакояў самога панскага дому жылі сваякі, розныя прыжывалы, прыслуга зь сялян, у вёсцы — сяляне і людзі ўсіх патрэбных прафэсіяў. Прыходзілі ў маёнтак і ксяндзы:
“Аднак памыляецца той, хто мяркуе, што мы мелі благіх сьвятароў. Гэта былі сьмелыя простыя людзі, якія ахвярна выконвалі свой абавязак. Абрыдлівыя сцэны скупяндзейскага дробязьніцтва і эксплуатацыі, якія я потым шматкроць бачыў у Польшчы, у нас былі невядомыя. У нашым доме ксяндзоў глыбока паважалі: старая бабуля цалавала сьвятара ў плячо, ксёндз заўсёды займаў пачэснае месца за сталом, перш чым сядалі старэйшыя пані”.
Дарэчы, літоўцы аднавілі сам панятак “двара”. Тут адбылося тое самае, што і з паняткам “пан”, гэта значыць, што панамі сталі ўсе, як у Польшчы. Рэч у тым, што ў незалежнай ужо Літве была праведзеная рэстытуцыя — людзям вярнулі тое, што адняла ў іх савецкая ўлада. У Беларусі ж гэтая зьнікомая натура, бадай што, і зьнікла разам зь беларускай мовай і антырасейскім настроем. Я б нават не называў яго “анты”, бо гэта не агрэсія, а — асьцярожнае стаўленьне да расейцаў і ўсяго, што яны да нас прыносяць.
Бабуля Ваньковіча па кудзелі, у якой ён выхоўваўся з самага маленства ў Нятрэбах (16 вёрстаў ад Коўна), была заўзятай паўстанкай — як і яе нашчадкі і ўсё яе асяродзьдзе так ці інакш жылі ў паўстанцкай (1863—64) памяці і культуры. “Вось так, заплюшчваючы вочы пакаленьням, спакутаваная і ўжо напалову ўрослая ў замагільны сьвет сьмерцямі сучасьнікаў, кіравала Наватрэбамі і нашымі дзіцячымі лёсамі Фэлікса Канстанцінава, дачка Швайніцкая з Бачыжмальскіх — татарскага роду”. Яна памерла ў 1913-м. “Дом той і жыцьцё, якім ён поўніўся, мусілі зьнікнуць. Ён нібы ўвасабляў адцьвітаньне, спарахненьне і зьнікненьне гэтага жыцьця. І ня быў падрыхтаваны да часоў, якія надыходзілі”.
***
У гэтай кнігі незвычайная структура. На простую нітку ўспамінаў па чарзе нанізваюцца каралі, большыя ці меншыя — як музычныя акцэнты, што складаюцца з маляўнічых насычаных пералікаў, сабраных разам з дэталяў той ці іншай зьявы, якую апісвае аўтар. Гэта ня вершы пасярод прозы, а менавіта музыка, як бы аўтар граў асобныя ноты і раптам устаўляў моцныя акорды.
Пасьля сьмерці бабулі Ваньковіч апынаецца ў Калюжычах: “У бацькоўскіх Калюжычах, што вырасьлі як памежны фарпост на Смаленскай дарозе, у Дзьвінска-Дняпроўскай браме над Бярэзінай, сярод праваслаўнага люду, інакшым, больш many military, больш фэадальным было жыцьцё двара”.
То бок, у параўнаньні з бабскімі або матрыярхальнымі падковенскімі Наватрэбамі, ва ўсходнебеларускіх Калюжычах панаваў мужчынскі дух. Цэнтральным заняткам для паніча было паляваньне на ўсё, што варушыцца. Але вось як апісваецца сустрэча з маёнткам, цытую:
“Зь першай хвіліны, калі перад будынкам вакзала ў Барысаве я ўбачыў чацьвярых цугавых гнядых, якія прысядалі на задніх капытах, ліўрэю, расшытую срэбнымі гербавымі стрэламі; калі брычка, падскокваючы на недакарчаваных лясных сьцяжынах, праносілася беларускімі палеткамі, палянамі, акаймаванымі лясным гушчаром на даляглядзе, з той першай хвіліны душой хлопчыка неадольна завалодаў край бяроз, туманоў і верасоў — бацькоўскі край”.
Кіраваў сядзібай тут старэйшы брат аўтара Толь. Сьцены былі завешаныя карцінамі Чаховіча і Валянціна Ваньковіча, Смуглевіча і хроснага аўтара Швайніцкага, а таксама Артура Бартэльса, мужа бацькавай сястры, які пакінуў у Калюжычах поўныя шуфляды сваіх неапублікаваных твораў. Напрыклад, паэму “Пані Твардоўская“, якая, паводле Мэльхіёра Ваньковіча ўтрымлівае першаклясны звычаёвы матэрыял пра жыцьцё шляхты на Белай Русі, у тым ліку і пра яе заняпад, цытую:
А стол ламаўся ад яды — на семдзесят асобаў
На ім зьбіралася тады сямейна і асобна,
І семдзесят асобных страў за вечар падавалі!
А сёньня колькі? Тузін, два… Абы не галадалі.
***
Бальшавіцкія пагромы — тужлівая праўда прыходу новае ўлады. Сяляне рабуюць панскія сядзібы. “Паламаныя лозы ранейшага жыцьця прагнуць адрастаць, — піша Ваньковіч і дадае: — Яны не адрастуць”.
Згадваюцца сьведчаньні з кнігі Зьмітра Бартосіка “Быў у пана верабейка гаварушчы“. А вось што думае пра гэта Ваньковіч, які трапляе ў свой двор пасьля пагрому:
“Тры дні таму была іх праўда — шэрая, лапцяватая, курная й дымная, у прэлых сьвітках — ад гэтай зямлі, ад туманоў, балот, ад галечы, ад цяжкага жыцьця. Даўно знаёмае — ад Батуравых часоў — пацягнутае палісандравай палітурай. О, як жа я, сын гэтай зямлі, люблю абедзьве праўды“. Маюцца на ўвазе праўды панская ды сялянская.
Батуравыя часы — гэта ХVI стагодзьдзе, тое самае беларускае, пра якое я казаў, калі пісаў пра мову. Часы цяжкія і пакутлівыя, але пры тым — залаты век, Францішак Скарына, Эўрапейскае адраджэньне. І шчырае прызнаньне ў любові да Беларусі ад пана, ад усіх, бадай што, паноў, якія ўсьведамлялі сябе сынамі гэтае зямлі, напэўна, ня ў меншай ступені за сялянскую клясу, прынамсі, умелі гэта сфармуляваць, выказаць. Больш іх тут ня будзе. І панамі ў адвечным сэнсе яны ня будуць, бадай што ніколі.
Ваньковіч падагульняе гэты вобраз пана вобразам свайго брата Толька, апошняга ўладальніка Калюжычаў:
“Вось і ўсё пра майго Толька. Ён жыве і спрабуе быць арандатарам казённай лятыфундыі на Познаншчыне, дзе бурачныя палі навяваюць невыносную нуду ў сэрцах лясных людзей”.
Лясныя людзі тут тое, што аб’ядноўсвае паноў і сялян, беларусаў.
Пасьля камунізму і посткамунізму быццам нічога і не засталося ад таго мройнага беларускага жыцьця, якім краіна поўнілася ў ХІХ-м і ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Толькі прырода, рэшткі сядзібаў ды што-нішто ў сялянскім побыце. І, натуральна, мроі — тужліва-салодкія мроі пра саму тую колішнюю Беларусь. У кнізе Ваньковіча тыя мроі абрастаюць пахамі і словамі, напаўняюцца-наліваюцца праўдзівай канкрэтыкай, ажываюць у імёнах, паводзінах, характарах, у агнях з вокнаў і грубак… Ажывае колішняя Беларусь.
Кніга насычаная такім мноствам фактаў, сюжэтаў і карцін, што робіцца скарбам. Па прачытаньні ад яе нельга пазбаўляцца. Яе трэба абавязкова паставіць на паліцу, бо памяць будзе не аднойчы нагадваць пра штосьці і патрабаваць пацьверджаньня.