Віктар Жыбуль атрымаў прэмію “Гліняны Вялес”

Лаўрэатам літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” за 2024 год стаў паэт, літаратуразнавец і перформер Віктар Жыбуль за кнігу вершаў “Аранжавы”, паведамляе “Рацыя”.

Кніга “Аранжавы” выйшла летась у Берлінскім выдавецтве “hochroth Minsk”.

У шорт-лісце прэміі былі Вольга Гапеева, Валер Гапееў, Зміцер Дзядзенка, Віктар Жыбуль, Ігар Кулікоў, Наталля Кучмель, Анхела Эспіноса Руіс, Сяржук Сыс, Андрэй Хадановіч, Аляксандр Чарнуха.

Віктар Жыбуль нарадзіўся 3 кастрычніка 1978 году ў Менску. Кандыдат філалагічных навук (2003). У 2003 годзе абараніў дысертацыю на тэму “Ідэйна-мастацкія пошукі ў беларускай паэзіі 20-х-пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя”.

Адзін з найбольш вядомых беларускіх паэтаў-авангардыстаў новай генерацыі, які спалучае эксперыментальны падыход з арыгінальным гумарам. У сваёй творчасці ён спрабуе не толькі гуляць са словам, але і камбінаваць хімічныя, біялагічныя, матэматычныя і фізічныя паняцці, апяваць урбаністычныя рэаліі і экзістэнцыйныя праблемы. Акрамя таго, ён даўно і прадуктыўна працуе ў жанры паліндрому. Аўтар сямі зборнікаў вершаў.