Сяргей Дубавец у новым выпуску “Літаратурных зацемак”, падкаст-праекта спецыяльна для Bellit.info, дзеліцца ўражаннямі ад прачытання новага рамана Югасі Каляды “Перамена месцаў”, які нядаўна выйшаў у выдавецтве “Пфляўмбаўм”.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Выклікаюць павагу кнігі, якія захапляюць літаральна. Дзясятак першых старонак, і адарвацца ўжо немагчыма. Дынамічны сюжэт, насычаная мова, выразныя партрэты герояў і іх пазнавальныя перажываньні… Нішто не спыняе твае ўвагі. Цягнік рушыў зь месца і набірае хуткасьць. Так чытаецца новы раман Югасі Каляды “Перамена месцаў“. І ты ўжо ня думаеш пра бляклую назву і нічым не адметнае афармленьне вокладкі, якое чамусьці недарэчна нагадвае пра магілы мабілізаваных расейска-ўкраінскае вайны. Назва такой кнігі, на маю думку, павінна быць яркая, як сам тэкст. І афармленьне мусіла б адпаведным чынам магнітызаваць увагу.
Аднак мы ўжо прамінулі гэтыя дэталі, а сама ідэя падарожжа прыпомніла мне іншую гісторыю — пра “белы шлях”. Гэта была гісторыя ўцёкаў Яўгеніі Парашчанкі (Югасі Каляды) зь Беларусі ў 2021 годзе, у другім томе трылёгіі, якую я складаў са сьведчаньняў беларускіх людзей пра падзеі 2020— 2022 гадоў:
“У мяне ня самая страшная гісторыя, — распавядала аўтарка, — я выяжджала «белым шляхам» — самалётам зь Беларусі; са мною быў мой сыночак — і няхай гэта ўскладніла вандроўку ў тысячу разоў, але маральна ехаць без Альбэрта было б усё адно, што сядзець у турме; мне вельмі дапамагалі — замаўлялі таксоўку, квіткі на самалёты, гатэлі, адна б я не адолела гэты шлях.
І ўсё адно, гісторыя маіх уцёкаў, усе эпізоды таго бясконцага дня — гэта тысячы іголак у сэрца. Бясконцага дня, які пачаўся званком у дзьверы а сёмай раніцы — такім працяглым і нахабным званком, які не пакідаў сумневаў — хто і па што прыйшоў. (І за званком — мой погляд у вочка на чорныя галовы амонаўцаў на пляцоўцы. Відовішча, на якое я не забудуся ніколі.)”.
Я тады зьвярнуў увагу на гэтую дэталь — “белы шлях” — якая адразу зрабіла аповед адметным сярод соцень іншых гісторыяў уцёкаў беларусаў ад таго, што здарылася на радзіме і што цяпер мы называем тэрорам.
Але гэта, так бы мовіць, кантэкст, у якім я пачаў чытаць новы раман, дзе ў падарожжы адбылося нешта ня тое каб фантастычнае, па прачытаньні кнігі я б назваў гэта фабулярным завязаньнем.
Рэч у тым, што нейкім чынам дзьве жанчыны памяняліся целамі, а адпаведна і сваімі жыцьцёвымі сытуацыямі. Адно што іхныя сьвядомасьці засталіся ранейшымі. Усё астатняе адбываецца ў цалкам рэалістычным разьвіцьці, і таму можна назваць гэты раман псыхалягічным.
Ну вось уявіце, ехалі вы ў цягніку Менск-Гомель: 24-гадовая дзеўка беспрацоўная, учорашняя вяскоўка Маня і 40-гадовая высокая экзальтаваная судзьдзя Альбіна. Не знаёмыя міжсобку і нават рознага сацыяльнага статусу і ўсяго ўвогуле рознага — з розных сфэраў жыцьця, без асаблівага шанцу перасячыся, хіба што ў судзе. А назаўтра яны прачынаюцца кожная ў доме і ў целе іншай. Як трэба ўжыцца ў пэрсанажаў, каб іхныя паводзіны і думкі выглядалі адпаведна і каб думка пра ператварэньне не замінала ўсяму дзеяньню разьвівацца.
Сілаю свайго таленту аўтарка выцягвае гэтае рэалістычнае разьвіцьцё і робіць яго важнейшым за само казачнае здарэньне напачатку, якое робіцца не такім ужо і важным.
На нейкі момант падумалася: чаму жанчыны, якія ехалі ў тым фатальным цягніку кожная са сваім мужам, не раскрылі мужам гэтую таямніцу. Але ізноў сюжэт так імкліва імчыць наперад, што і гэтае пытаньне падаецца няважным. Важна, што жанчыны сустракаюцца самі і вырашаюць жыць жыцьцём адна адной — да моманту Х, калі адбудзецца вяртаньне ва ўласнае цела. Калі тое адбудзецца, яны ня ведаюць, але і гэты момант прыгасае, бо цяпер істотнае тое, што неадукаваную Маню Альбіна мусіць замест сябе ўштурхнуць на пасаду судзьдзі.
Тым часам усё дзеецца ў Гомелі — цудоўным горадзе на беразе Сожа са старажытным палацам і паркам, са Старым Аэрадромам і Валатавой, з вуліцай Савецкай — у кнізе шмат гомельскіх лякацыяў, якія аўтарка апісвае зь веданьнем справы, гэта яе родны горад:
“За старым корпусам мэдунівэру, у пустэльным у рабочы час месцы, яна апусьцілася на прамерзлую лаўку. За карункавым парапэтам рэзка абрываўся рачны яр; сядзець тут было, як зьвесіць ногі з краю сьвету. Унізе ляжала зморшчаная пад ветрам паверхня Сожа; у ёй адбівалася няветлае пахмурнае неба, зацягнутае аблокамі без адзінага прагалу. Гэтую мясьціну Альбіна ведала добра: праваруч быў масток празь яр з драўлянымі масьніцамі, а за сьпінай — жоўты невысокі будыначак. Яна завітвала сюды нярэдка: тут прыемна сядзелася. Праз думкі пра мост, па-першае, — як прыемна дошкі адгукаюцца на крокі, а па-другое — праз старажытны дамок колішняй духоўнай вучэльні з таўшчэзнымі сьценамі. Гэта быў яе пункт утульнасьці”.
Такім чынам Альбіна вучыць Маню паводзінам, а сама тым часам беганьнем зганяе з Манінага цела лішнія кіляграмы, прыводзіць у парадак перапаленыя валасы, але галоўнае — яна вучыць Маню быць судзьдзёй.
На пэўны час кніга ператвараецца ў беларускі Пігмаліён. Пры гэтым Альбіна заўважае, што сама да сябе ў мінулым зьвяртаецца на “вы” і папраўляе Маню, калі тая кажа на судзейскую мантыю “плашч”. Гарманічнасьці тэксту дадае і клясычны правапіс, якім напісаная кніга.
***
Сутыкненьне з рэальнасьцю пачынаецца зь нечаканага боку. Літаральна з расейскіх навінаў на экране тэлевізара, што вісіць у гомельскай кавярні “Шакалядніца”, і з таго, што муж Альбіны-судзьдзі — беларускі пісьменьнік, і што пісаньнем беларускіх кніг грошай не заробіш. Тут цэлая пляніда пытаньняў пра беларускую мову і пра адносіны ўладаў да беларушчыны, тое, пра што нічога ня ведае Маня, але ўсяго і не раскажаш…
***
Неўзабаве, аднак, гэты эпізод зьмяняецца фантасмагорыяй ператворанага сквэру. У нерэалістычнай казачнай калізіі, зь якой пачалася кніга, відаць, мусіць быць і нерэалістычная разгадка. І вось гэты фрагмэнт, адзіны ў рамане і адрозны ад усяго ранейшага і пазьнейшага звычайнага жыцьця, які зьдзіўляе сваёй інакшасьцю. Магчыма, тут — разгадка?
“Прыехала яна значна раней за Маню і ў чаканьні тулялася па мясьціне, якую некалі вельмі любіла. Цяпер жа… ўвесь сквэр быў застаўлены вялікімі, у два чалавечыя росты, фігурамі з тонкага плястыку. Старанна расквечаныя фігуры выяўлялі розныя цуды сьвету, кшталту Біг-Бэну і менскай бібліятэкі, асабліва мярзотны быў сьфінкс зь пірамідамі…
«Як дзіўна, — падумала Альбіна, — я ўвесь час выцягваю з памяці вобраз таго сквэру, дзе мы сядзелі з аднаклясьнікамі на лавачках дваццаць гадоў таму, іначай гідота заліе мяне з галавой; і, выходзіць, я ўвесь час жыву ў ілюзіі. А ці змагу я наагул жыць у рэальнасьці? Убачыць сьвет, які ён ёсьць і не крычаць пры гэтым бесьперапынна ад ягонай жахлівасьці?»“.
А што ўласна зьмянілася і чаму ўсё такое раптам мярзотнае? Скульптуры Біг-Бэна і менскай бібліятэкі так турбуюць душу Альбіны… Ну, Бог зь ім, наставілі скульптураў, зрабілі такое бязладзьдзе. Ясна, што ўсё часовае. Ня можа аўтарка дазволіць сабе так узьюшыцца на пустым фактычна месцы, як не дазваляла сабе такога ні да, ні пасьля?
“У рэальнай рэальнасьці перад Альбінай паўсталі піраміды з поліпрапілену, абклееныя плёнкай з выявай камянёў. Ля пірамідаў на голай вытаптанай зямлі ляжаў поліпрапіленавы сьфінкс, з гіганцкімі лапамі і дробнай галавой анацэфала. Ягоны абрыс адсылаў гледача не да Старажытнага Эгіпту, а да бессаромна вываленага вонкі нутранога сьвету ягонага творцы. Сьфінкса зь пірамідамі, як і іншыя «скульптуры», атачала сымбалічная агароджа, чые танюткія слупкі не заміналі ахвочым сфатаграфавацца са старажытнасьцю, але ператваралі сквэр у дакладнае падабенства могілак”.
Шукаю і не знаходжу ані тлумачэньня ані сувязі з астатнім расповедам. Чаму ў сьфінкса няма мазгоў? І што б гэтая адсутнасьць мазгоў дала мне для разгадкі? Са старажытнагрэцкай сьфінкс або сьвінга перакладаецца як душыцелька. Але тут намёк на каго, на Альбіну? Яна і праўда жорсткая, але ж ніяк не душыцелька. Магчыма, справа ў тым, што сьфінкс славуты таксама тым, што загадвае загадкі?
“Сьфінкс расплюшчыў невідушчыя вочы і сілай думкі змусіў Альбіну дзівіцца ў іх.
— Ці ведаеш ты, за якую правіну цябе перасялілі ў іншае цела? — зьвярнулася да яе бязносае бажышча.
— Не, — Альбіна пастанавіла ня хлусіць.
— Ці знайшла ты хібы і грахі ў сваім жыцьці, якія належыць выправіць? — працягнуў допыт сьфінкс.
— Не, — прызналася Альбіна, — і нават ні на крок не наблізілася…
— Ну што ж ты, небарака, — пашкадавала яе плястыкавая пачвара, — ты, можа, знайшла кагосьці, хто табе дапамог бы? Хай бы намякнуў? Не?
Альбіна хмыкнула; калі б дзея адбывалася ў Тэбах, яна б даўно ўжо паляцела долу са скалы.
У гэты момант у дальнім канцы сквэру нарэшце зьявілася Маня“.
Ані тлумачэньня самога мэханізму абмену целаў, ані разуменьня таго агідзтва і пачварнасьці скульптуры няма.
Затое эпізод з падменай судзьдзі цалкам мэтафарычны. Абсалютна не падрыхтаваны чалавек, фактычна антысудзьдзя займае месца, быццам ён суддзя і вядзе працэсы, ня маючы на тое ні кваліфікацыі, ні права. Нейкі проста выраджаны атрымліваецца суд, такія, палітычна матываваныя мы цяпер назіраем у Беларусі штодня. Зь іншага боку — фіктыўны судзьдзя — гэта яшчэ не падступны і бязьлітасны, а проста нармальны чалавек.
Адбываецца эвалюцыя адносінаў Альбіны да міліцыі:
“Ніколі раней яна ня мела злосьці на міліцыю. А цяпер — мае…
Даўней, да перасяленьня ў цела чалавека, якога не пускаюць па званку да кабінэтаў у РАУСе, а наадварот — пагражаюць фізычнай расправай дзяжурныя, Альбіна ня раз сустракалася зь нянавісьцю і пагардай да міліцыянтаў… “Жызьнь варам — сьмерць мусарам” і іншае такога кшталту. Яна нават не прымала сур’ёзна гэтую нянавісьць, больш за тое — кваліфікавала яе як прыкмету юрыдычнай няграматнасьці і нават блізкасьці да пэўнай субкультуры: турэмнай, крымінальнай… Тады Альбіна пагарджала тымі, хто агульна “ненавідзеў мянтоў“ — і цяпер дзівілася сама сабе, але ад нянавісьці не адмаўлялася. Бо ўважала яе — няйначай — справядлівай“.
То бок яна раптам убачыла поўную дэградацыю міліцэйскага ведамства, ягонае беззаконьне і грубую бяздумную ўладу.
“— Што рабіць зь міліцыяй? — Альбіна не заўважыла, як прамовіла гэта голасна і зноў перайшла на шэпт. — Што павінен рабіць судзьдзя, калі міліцыянт прыносіць сфабрыкаваны пратакол? Што судзьдзя, скажам так, не павінен, а можа зрабіць. Вярнуць пратакол на дапрацоўку, выдатна, і нават можна крымінальную справу закрыць празь не па законе сабраныя доказы. Але як зь імі можна наагул мець справу, калі незаконнасьць — гэта іхная галоўная ўласьцівасьць? Кваліфікацыйная прыкмета!“
Яна робіць Маню судзьдзёй, а сама ў целе падапечнай глядзіць на “сябе збоку” і бачыць усё падзеньне гэтай дзяржаўнай сыстэмы… Яшчэ да гарачых падзеяў апошніх гадоў. І калі Альбіна і Маня ўрэшце абурыліся палітычнымі справамі, яны захавалі кожная сябе.
Выклікаюць павагу кнігі, якія “раптам” сканчаюцца. Гэта значыць, што ты зжыўся з героямі, аднак расставаньне аказваецца непазьбежным. Па вялікім рахунку, на старонках рамана Югасі Каляды — 2017 год і ты прачытаў казку, якая, гледзячы зь іншага ракурсу, ня казка, а кніга пра прэзыдэнцкі дэкрэт пра “дармаедаў” і развал судовай сыстэмы ў Беларусі, калі пачынаюцца звальненьні судзьдзяў, якія адмаўляюцца судзіць тых, хто мусіць плаціць дзяржаве за тое, што не працуе на дзяржаву. Атмасфэра, скажу вам, цалкам актуальная, хоць 2017 год зь сёньняшняга часу выглядае амаль вэгэтарыянскім. Але гэта ілюзія.
Югася Каляда завяршае кнігу з прадчуваньнем чарговага ператварэньня, але ня можа не зрабіць гэта жорстка і саркастычна. У заўтрашняй рэальнасьці “белага шляху” ня будзе. Наперадзе будзе тое самае, толькі нашмат горшае.