Ад 17 траўня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе выстава “Адкуль узяўся Бурачок?”, прысвечаная 185-годдзю Францішка Багушэвіча, аднаго з пачынальнікаў новай айчыннай літаратуры.
“Адкуль узяўся Бурачок?” — такім пытаннем задаваўся даследчык, краязнаўца Уладзімір Содаль. На гэтае пытанне будзе адказам экспазіцыя, абяцаюць у музеі. На выставе наведнікі могуць зазірнуць у свет кушлянскай сядзібы і прайсціся пакручастымі шляхамі паэта. А самае галоўнае — пабачыць мемарыяльную рэч Багушэвічаў.
Сёлета споўнілася 185 год з дня нараджэння Францішка Багушэвіча. З яго ўлюбёнай мясціны — “блаславёных” Кушлянаў — у фонды Літаратурнага музея ў розныя часы трапілі самыя розныя прадметы. Адзін з іх — сталовы буфет ХІХ стагоддзя, што належаў сям’і Багушэвічаў. Прыгожае разное дрэва, з якога зроблены гэты старадаўні буфет, ужо само па сабе — твор мастацтва і артэфакт эпохі. Менавіта ўнутры гэтай мемарыяльнай рэчы мы і размясцілі экспазіцыю, прысвечаную пачынальніку беларускай нацыянальнай літаратуры.

Выстава працуе па 28 снежня 2025.
Квіткі: 4 р. — школьнікі, студэнты; 8 р. — дарослыя. Экскурсія — 15 р. з групы. Экскурсіі праводзяцца па папярэдняй замове: +375 17 363 56 21.