16 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча пройдзе чарговая сустрэча, прысвечаная беларускай (і сусветнай) традыцыі і інтэлектуальнай літаратуры. Гэтым разам гаворка пойдзе пра Якуба Коласа і творчую беспрытульнасць.
Якуб Колас у беларускім літаратурным свеце амаль ад пачатку сімвалізуе ўстойлівасць, угрунтаванасць, прагу ўкаранення. Ён відавочна звязаны са стыхіяй зямлі, а дарога ў родны кут сталася ўлюбёным вобразам, амаль архетыпам.
У той жа час яму належыць адна з самых душэўных і пранізлівых гісторый пра лёс творцы, пра творчую беспрытульнасць: паэма “Сымон-музыка”. У супольных разважаннях наведнікі паспрабуюць разгадаць загадку гэтай тэмы: Адкуль яна паўстае? Чаму менавіта у Коласа? І ўвогуле, што рабіць паэту ў “мізэрным часе”?
Мадэратарам выступіць вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт і паэт Ігар Бабкоў.
Уваходны квіток 5 рублёў.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
