Заключная частка Фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova пройдзе ў Познані. На працягу двух дзён фестываль прапануе шырокую праграму, якая ўключае прэзентацыі кніг і аўтарскіх праектаў, лекцыі, канцэрты, спектаклі і інтэрактыўныя майстар-класы.
Сярод яркіх падзей фестывалю — прэзентацыя паэтычнага зборніка “Астралябія Божых таямніц” ад беларускамоўнай паэткі з Іспаніі Анхелы Эспіносы Руіс, якая дэманструе сувязь беларускай мовы і культуры з міжнароднай супольнасцю. Ганна Янкута прадставіць сваю дзіцячую кнігу “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”, якая ўжо палюбілася маленькім чытачам, таксама ў межах фестывалю адбудуцца перфарматыўныя чытанні Жэні Давідзенкі “10 гадзін наўпрост дадому” і паказ спектакля “Шум” ад Teatr Emigrant.
Для аматараў гісторыі і культуры адбудуцца цікавыя лекцыі і дыскусіі. Сярод іх выступ Віктара Шадурскага і прэзентацыя яго даследавання “Нараджэнне беларускага Левіяфана”, прысвечанага перыяду пераходу Беларусі ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарызму.
Навуковая сенсацыя чакае наведнікаў імпрэзы “Мінулае і будучае беларускага самвыдаву” ад Таццяны Астроўскай і Уладзіслава Гарбацкага.
Музычная частка фестывалю аб’ядноўвае розныя фарматы і стылі: ад спеўных сходаў да сучасных праектаў, такіх як музычна-паэтычны праект “Літараноты” і беларускі музыка, хіп-хоп-выканаўца MANDZIK стануць яркім завяршэннем аднаго з фестывальных дзён. На ўсіх пляцоўках будзе працаваць кніжны кірмаш, дзе наведвальнікі змогуць набыць навінкі беларускай літаратуры, пазнаёміцца з новымі выданнямі і пагутарыць з аўтарамі і выдаўцамі.
PRADMOVA ў Познані — гэта месца для тых, хто шукае натхнення, новых ідэй і кантактаў, а таксама магчымасці паглыбіцца ў беларускую культуру, якая развіваецца нават па-за межамі сваёй краіны. Уваход на большасць мерапрыемстваў вольны, але некаторыя падзеі патрабуюць папярэдняй рэгістрацыі. Поўная праграма і ўмовы ўдзелу даступныя на афіцыйным сайце і ў сацыяльных сетках фестывалю.