Адрадзілі прэмію “За Свабоду думкі” імя Васіля Быкава

Пасля пяцігадовага перапынку ў год 100-годдзя пісьменніка з ініцыятывы Аляксандра Мілінкевіча адрадзілі прэмію імя Васіля Быкава “За Свабоду думкі” . Першымі лаўрэатамі прэміі сталі музыкі гурта Naviband Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка, паведамляе “Радыё Свабода”.

Канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта Аляксандар Мілінкевіч падчас цырымоніі расказаў, што ў 2006 годзе ён атрымаў прэмію Еўрапарламенту імя Андрэя Сахарава “За Свабоду думкі”. І вырашыў заснаваць такую ж нацыянальную прэмію ў Беларусі — “для тых, хто бескампрамісна адстойвае свабоду”.

“Гурт «NaviBand» паўстаў 12 гадоў таму. Я ў першай рэцэнзіі на іх выступы пісаў, што «NaviBand» маюць усе шанцы стаць ўвасабленнем сучаснай беларускай поп-музыкі. Але я памыліўся, бо за гэтыя 12 гадоў яны сталі значна шырэйшымі, і ў пэўны момант яны зрабілі выбар на карысць беларускай справы, сталі несці беларускае слова ў цэлы свет. «NaviBand» натхняе і вучыць вольна мысліць слухачоў усіх пакаленняў. Іх імёны будуць упісаныя залатымі літаркамі ў гісторыю беларускай культуры“, — сказаў Сяргей Будкін.

 Адмысловую статуэтку, сімвал прэміі, музыкам Ксеніі Жук і Арцёму Лук’яненку ўручыла Святлана Ціханоўская.

У розныя гады лаўрэатамі прэміі імя Васіля Быкава “За Сабоду думкі” станавіліся:

паэты і пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Арлоў, Уладзімер Някляеў;
літаратары і грамадскія дзеячы: Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч;
мастакі: Алесь Пушкін, Алесь Марачкін;
краязнаўцы: Ада Райчонак, Алесь Белакоз;
музыкі і выканаўцы: Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, бард і актор Віктар Шалкевіч;
рэжысёр: Валер Мазынскі;
журналіст: Глеб Лабадзенка.