Школа маладога пісьменніка — падача заявак да 25 кастрычніка!

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў рады абвесціць новы набор у Школу маладога пісьменніка. Школа працуе з 2012 года як нефармальны адукацыйны праект для маладых літаратараў. На практычных занятках з пастаяннымі выкладчыкамі, лекцыях і майстар-класах запрошаных навукоўцаў і аўтараў маладыя, апантаныя літаратурай людзі вучацца аналізаваць творы папярэднікаў, пісаць свае тэксты, а таксама слухаць сябе ды абмяркоўваць творы сваіх аднагрупнікаў.

Сёлета ў Школе выкладаюць Ульяна Верына, Віктар Жыбуль, Марына Казлоўская і Андрэй Хадановіч — літаратары, педагогі, даследчыкі і навукоўцы са шматгадовым вопытам творчай працы. Пастаянныя выкладчыкі дадуць вам асновы тэорыі паэзіі, прозы і паэтычнага перакладу; методыка выкладання ставіць акцэнт на камунікацыі і ўзаемным абмеркаванні вашых тэкстаў з калегамі. Акрамя асноўнага курсу, навучэнцаў чакаюць майстар-класы і спецкурсы ад беларускіх літаратараў, выдаўцоў, навукоўцаў, дызайнераў і мастакоў кнігі.

Навучанне ў ШМП працягваецца з лістапада 2024 па травень 2025 году, заняткі будуць праходзіць па суботах. Навучанне – бясплатнае, дыстанцыйнае, вочнае – on-line сустрэчы. Таму краіна вашага пражывання не стане перашкодай – пішыце нам і падавайце заяўкі!

Правілы афармлення заяўкі

Пажаданы ўзрост удзельнікаў і ўдзельніц – да 35 гадоў. Заяўка павіннa ўключаць:

1) уласны мастацкі твор любога жанру (паэзія, проза, эсэ), альбо фрагмент твора, на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 2-5 старонак;
2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце паступіць у Школу маладога пісьменніка;
3) спіс з 5-10 кніг, якія на вас паўплывалі найбольш.

Вашыя ўзоры твораў, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце на паштовую скрыню bellit.info@gmail.com разам адным файлам у фармаце .doc (.docx). Тэма электроннага ліста: Школа 2024-2025

На першай старонцы файла абавязкова пазначце сваё імя і прозвішча, дату нараджэння, e-mail і найлепшы спосаб сувязі. Файл назавіце наступным чынам ― “вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя”, напрыклад: Kupala_Janka.docx

Заяўкі не рэцэнзуюцца. Прыём паводле конкурсу, колькасць месцаў абмежаваная, адбор прэтэндэнтаў адбываецца паводле матывацыйных лістоў і ўзору твораў. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена ў паштовай рассылцы на адрасы, пададзеныя ў заяўках.

Дэдлайн дасылкі заявак — 25 кастрычніка 2024 году. Падвядзенне вынікаў — канец кастрычніка 2024 году. Першыя заняткі — 2 лістапада.
Залічаныя на курс Школы атрымаюць лісты з падцверджаннем на e-mail.

Поспехаў!