Турэмныя вершы для дзяцей з дарослымі прэзентавалі ў Вільні

27 верасня ў Вільні адбылася прэзентацыя выдання “Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы” журналіста і былога палітвязня Алега Груздзіловіча. Кніга складаецца з вершаў і малюнкаў, якія аўтар ствараў для ўнукаў падчас зняволення ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Выданне “Прыгоды дзядзі Віці” — гэта 28 вершаў для дзяцей, аўтарскія малюнкі і тлумачальныя тэксты для дарослых. Напісаная кніга ад імя зняволенага “дзядзі Віці”, які распавядае ўнукам пра турэмны побыт — пра турэмныя рэчы, харчаванне, адносіны ў камеры, здарэнні і падзеі, пра дробных жывёлак, кшталту павучкоў, якія жывуць у камеры і інш. Пры гэтым Алег Груздзіловіч адзначае, што кніга не толькі пра турму, гэта і ягоны асабісты кодэкс, які ён вырашыў перадаць унукам — творы вучаць салідарнасці, узаемадапамозе, уменню клапаціцца пра сябе і іншых, спадзявацца на сябе.

Алег Груздзіловіч

Вобраз “дзядзі Віці” нарадзіўся на Валадарцы, калі аўтар пабачыў, як баландзёры закідваюць перадачы ў кармушкі, і ў камеры нечакана пачынаюць з’яўляцца нетурэмныя прадукты і рэчы. Тады журналіст стварыў першы дзіцячы верш пра кармушку, пасля прыйшла ідэя працягваць гісторыі распавядаць гісторыі так, каб было цікава дзецям. Так і атрымалася кніга.

Адзін з першых вершаў для кнігі

Толькі адзін верш з “Прыгодаў…” аўтар напісаў на свабодзе, астатнія 27 былі створаны ў зняволенні. Спачатку вершы ўдавалася дасылаць на волю, але пасля іх перастала прапускаць цэнзура. Алег зразумеў, што не варта болей спрабаваць і стаў пісаць для сябе. На шчасце, атрымалася перадаць “Прыгоды дзядзі Віці” з магілёўскага СІЗА. І гэта было слушнае рашэнне, бо калі журналіст адбыў пакаранне ў магілёўскай калоніі, усе яго рукапісы, лісты і малюнкі былі знішчаныя.

Вялікую ролю ў стварэнні кнігі адыграла жонка журналіста Марыянна, яна захавала вершы і малюнкі, пасля дапамагла іх адаптаваць да фармата выдання. Кнігу выдаў беластоцкі фонд “Камунікат”.

Марыянна Груздзіловіч

Прадмову да кнігі напісала псіхолаг і аўтарка кнігі ўспамінаў дзяцей пра рэпрэсіі, якія закранулі іх сем’і, Вольга Вялічка.

Мы, дарослыя, шмат кажам пра тое, што адчуваем пасля падзей 2020 года, але мала ўвагі звяртаем на тое, дзе знаходзяцца беларускія дзеці, — адзначыла Вольга. — Але трэба ўсведамляць, што дзеці максімальна ўцягнуты ў палітыку, яны разумеюць, што адбываецца, нават не маючы інфармацыі, праз свае дзіцячыя адчуванні. Гаварыць з дзецьмі пра палітыку — неабходна. Калі гэта не будуць рабіць бацькі, то гэта будзе рабіць за іх, да прыкладу, прапаганда, як гэта зараз і адбываецца ў Беларусі. Вялікая адказнасць зараз і на людзях, якія прайшлі праз выпрабаванні турмой — каб запомніць тое, што было, перадаць дзецям і ўнукам, каб не было перагорнутай старонкі”.

Вольга Вялічка

Таксама Вольга адзначае, што дзецям варта распавядаць пра турму, бо яны і так пра яе ведаюць, уяўляюць сабе самыя жудасныя вобразы. Таму ёсць задача дарослага чалавека ўнесці ў дзіцячае ўсведамленне не такі страшны кампанент – што ёсць такая ўстанова, як там усе адбываецца і як павінна быць, дапамагчы дапамагчы дзецям скласці рэальнае ўяўленне, не даць ім заставацца ў прыдуманных імі вобразах.

Я лічу, што кніга атрымалася вельмі добрая, — распавёў кіраўнік фонду “Камунікат” Яраслаў Іванюк. — Тэма палітзняволеных і іх сем’яў няпростая, на кніжных кірмашах шмат хто з беларускай дыяспары і эмігрантаў просіць што-небудзь вясёлае, што сканчваецца аптымістычна. І гэтая кніга закончылася, на шчасце, аптымістычна — Алег на волі, а ягоныя вершы і малюнкі атрымалася перадаць са зняволення на свабоду, дзякуючы гэтаму кніга і ўзнікла”.

Яраслаў Іванюк

Прэзентацыя кнігі адбылася пра падтрымцы фонда “Камунікат’ і Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.

Алег Груздзіловіч — журналіст “Радыё Свабода”, летам 2020 году актыўна асвятляў грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі. У 2021 годзе быў зняволены і абвінавачаны па арт. 342 Крымінальнага кодэкса — “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, знаходзіўся ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, потым яго асудзілі да 1,5 года зняволеньня, пакаранне адбываў у магілёўскай калоніі № 15. Выйшаў на волю ў верасні 2022 году і з’ехаў з Беларусі.

АД, для bellit.info

Фота Ціхана Чарнякевіча