З’явіўся дапаможнік па вывучэнні беларускай мовы на ўзроўнях A1–B1

Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта выпусціла дапаможнік “Беларуская мова. Практыкаванні і тэксты для чытання” аўтарства Вольгі Трацяк, прызначаны для вывучэння беларускай мовы як замежнай на ўзроўнях A1–B1.

330-старонкавы дапаможнік складаецца з 150 практыкаванняў і 50 тэкстаў для чытання. Заданні накіраваныя на паступовае і сістэмнае развіццё моўных кампетэнцый, у тым ліку разумення пісьмовага тэксту, пашырэння лексічнага запасу і ўдасканалення граматычнай правільнасці.

Матэрыялы могуць выкарыстоўвацца як у самастойнай працы, так і на занятках з выкладчыкам. Да выдання далучаны ключ з адказамі, які палягчае самакантроль і саманавучанне. Дапаможнікам можна карыстацца як у межах вышэйшай так і школьнай адукацыі.

Публікацыя атрымала фінансаванне з Фонду дыдактычнай дасканаласці Факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Набыць дапаможнік можна праз сакратарыят кафедры беларусістыкі: kb.wls@uw.edu.pl (39 PLN).