Журы зацвердзіла Поўны спіс намінантаў на літаратурную прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Цяпер прэмія выдаецца раз на два гады, таму сёлетнія прэтэндэнты мусілі выдаць кнігі ў 2021–2022 гадах.
У галіне паэзіі на прэмію “Дэбют” намінаваныя:
- Аксана Гаджыў. Канец цытаты. – Выдавецтва «Логвінаў», Вільня, 2022.
- Зміцер Крэс. Вялесава племя. – Выдавецтва «Логвінаў», Вільня, 2021.
На прэмію за найлепшую дэбютную кнігу прозы прэтэндуюць:
- Канстанцін Касяк. Самаізаляцыя. – «Камунікат» (электроннае выданне), 2022.
- Цімур Кудзеліч. Як. – Выдавецтва «Логвінаў», Вільня, 2022.
- Таццяна Карытка. Чаму ўсё так? – Выдавецтва «Кнігазбор», 2020.
- Антось Уласенка. Новая зямля: Куканія. – «Издательские решения», 2021.
- Аляксандр Хацкевіч. Замак на ўзгорку. – Выдавецтва «Галіяфы», Мінск, 2021.
На прэмію за найлепшы мастацкі пераклад намінуюцца:
- Алена Карп за пераклад з французскай мовы кнігі Маржан Сатрапі «Персеполіс». – Выдавецтва «Янушкевіч» («Пфляўмбаўм»), Мінск, 2022.
- Яўген Папакуль за пераклад са старажытнаісландскай мовы «Эды Сноры Стурлусана». – Выдавецтва «Галіяфы», Мінск, 2021.
- Андрэй Строцаў за пераклад з англійскай мовы кнігі Клайва Стэйплза Льюіса. Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян. − Выдавецтва «Пазітыў-цэнтр», Мінск, 2022.
У конкурсе ўдзельнічаюць дэбютныя мастацкія кнігі, напісаныя ці перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным варыянце ў 2021 і 2022 гадах ці ў 2020 годзе, калі яны не бралі ўдзелу ў прэміі ў 2021 годзе.
У склад журы прэміі ўвайшло пяцёра сябраў: літаратуразнаўца Ульяна Верына; пісьменніца Святлана Курс; паэт і перакладчык Уладзімір Лянкевіч; паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры Андрэй Хадановіч; паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева.
Літаратурная прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснавана ў 2010 годзе пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза беларускіх пісьменнікаў і дабрачыннага Фонду “Вяртанне”»”. Яна ўручаецца ў намінацыях “Паэзія”, “Проза”, “Мастацкі пераклад” за найлепшыя дэбютныя кнігі, выдадзеныя па-беларуску. У гэтым годзе суарганізатарамі прэміі выступаюць Bellvory Stiftung (Switzerland), Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.