“Зэкамерон” Максіма Знака — у шорт-лісце брытанскай прэміі

Прэмія Рэспублікі Свядомасці (Republic of Consciousness Prize), якая штогод узнагароджвае мастацкую літаратуру, выдадзеную невялікімі выдавецтвамі Вялікабрытаніі і Ірландыі, абвясціла кароткі спіс 2024. У пяцёрку ўвайшоў дакументальны раман палітвязня Максіма Знака.

Кніга была перакладзеная Джымам і Элай Дынглі і выдадзеная ў выдавецтве Scotland Street Press.

У кароткай анатацыі на сайце прэміі пра кнігу сказана:

“100 апавяданняў у “Зэкамероне” (The Zekameron) заснаваныя на “Дэкамероне” XIV стагоддзя, але Максім Знак бліжэйшы да Бэкета, чым да Бакача. Банальнасць і жорсткасць супернічаюць са здольнасцю чалавека трываць прыгнёт. Рознагалосыя гісторыі Знака складаюць 100 дзён зняволення ў беларускай турме. Лаканічна, іранічна; сухі гумар. Гэтыя гісторыі сведчаць пра супраціў і самасцвярджэнне, а таксама пра шчырую цеплыню і ўдзячнасць таварышам-вязням. Гэтыя апавяданні Знак пісаў у зняволенні, але потым яны змаглі трапіць за сцены турмы.”

“Падманліва лёгкія, але моцныя гісторыі зняволенага беларускага юрыста і актывіста. Сапраўды важная кніга”, — мяркуе журы прэміі.