Пабачыў свет новы, 43-ці, выпуск альманаху “Запісы БІНіМ”. Беларускі інстытут навукі і мастацтва дзякуе за дапамогу ў выданні фонду “Камунікат”. Наталля Гардзіенка падрабязна расказвае, што чакае чытача ў больш чым 700-старонкавым выпуску.
Альманах пачынаецца рубрыкай In memoriam, дзе зьмешчаныя кароткая біяграфія нядаўна памерлага старшыні Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва др Вітаўта Кіпеля (1927—2022), успаміны-згадкі ўнука, сябраў і знаёмых пра памерлага, а таксама тэкст Уладзімера Снапкоўскага “Успаміны й рэфлексіі з сустрэчаў зь Янкам Запруднікам і Вітаўтам Кіпелем і думкі пра дасьледаваньне беларускай дыяспары”.
Тэмай нумару гэтым разам ёсьць “Беларускае студэнцтва на Захадзе”. У разьдзеле зьмешчаныя артыкулы: Валянціны Трыгубовіч “Асьвета дасьць нам крылы. Місія: беларускае школьніцтва” — аповед пра беларускую сям’ю Орсаў і іх навучаньне ў вышэйшых навучальных установах ад часоў міжваеннай Чэхаславаччыны; Вітаўта Кіпеля “Пра студэнтаў: пэрсанальнае й грамадзкае” — успаміны пра выкладчыкаў і гісторыю атрыманьня вышэйшай асьветы ў сям’і, а таксама магчымасьці для гэтага ў беларусаў на эміграцыі; Вацлава Пануцэвіча “Кракаўскі ўнівэрсытэт і перадскарынаўскія Крывічы з навуковымі тытуламі (З нашай мінуўшчыны)” — агляд зьвестак пра ўраджэнцаў беларускіх земляў, што вучыліся ў Кракаўскім ўнівэрсытэце ў ХІV—ХV стст.; А. К. “Адукацыйныя падарожжы магнатаў Вялікага Княства Літоўскага як зьява раньняга Новага часу” — дасьледаваньне практыкі падарожжаў магнатаў ВКЛ у Эўропу для атрыманьня адукацыі ў XVI—XVIII стст.; Андрэя Мастыкі “Беларускі студэнцкі рух ва Ўнівэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вільні: кароткая гісторыя й асноўныя ідэалягічныя кірункі” — гісторыя заснаваньня й дзейнасьці беларускіх студэнцкіх арганізацый пры Віленскім унівэрсытэце ў 1920-х—1930-х гг.; Юрыя Грыбоўскага “Беларускі маладзёвы й студэнцкі рух у міжваеннай Латвіі” — тэкст пра заснаваньне й дзейнасьць беларускіх моладзевых і студэнцкіх арганізацыяў у Латвіі ў 1920-х—1930-х гг.; Паўла Котава “Пра беларускі студэнцкі асяродак у Празе ў 2005—2011 гг.” — аповед удзельніка пра беларускія студэнцкія ініцыятывы, якія паўсталі й рэалізаваліся ў Празе ў 2005—2011 гг. У тым жа разьдзеле зьмешчаныя матэрыялы пра беларускіх студэнтаў у Чэхаславаччыне паводле старонак эміграцыйных пэрыёдыкаў, успаміны Дзьмітрыя Касмовіча пра беларускіх студэнтаў у Бэльгіі ў міжваенны час, сабраныя Алесем Вініцкім зьвесткі пра беларускае студэнцтва ў Нямеччыне ў другой палове 1940-х, нарыс Пётры Сыча пра наведваньне Беларускага студэнцкага дому ў Лювэне на пачатку 1950-х, нізка зацемак зь мюнхэнскай газэты “Бацькаўшчына” пра беларускіх студэнтаў у Мадрыдзе (Гішпанія) у 1950-х гг., артыкул Юркі Станкевіча пра гісторыю заснаваньня й дзейнасьці ў 1950—1959 гг. Беларускага Студэнцкага Таварыства ў Амэрыцы / Беларуска-Амэрыканскага Акадэмічнага Таварыства, а таксама кароткі агляд беларускіх студэнцкіх часопісаў, якія выходзілі на Захадзе ў другой палове 1940-х — 1950-х гг.
У традыцыйнай рубрыцы “Архіваліі” гэтым разам зьмешчана ліставаньне сьвятара айца Льва Гарошкі й пісьменьніка й ведамага беларускага інтэлектуала на эміграцыі Юркі Віцьбіча з 1948—1954 гг., арыгіналы якіх захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцыі імя Ф. Скарыны ў Лёндане (Вялікабрытанія); зробленая Сяргеем Чыгрыным публікацыя лістоў да яго беларускага пастара Яна Пятроўскага, а таксама пададзеныя два лісты Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча да старшыні БІНіМу др Вітаўта Кіпеля з 1990-х гг. у матэрыяле пад назовам “Лепш бы я не дажыў да гэтага…”.
У разьдзеле “Архівы” пададзенае апісаньне архіву бібліёграфа й дасьледніцы сярэднявечнай беларускай літаратуры Зоры Кіпель, зробленае Алесем Бразгуновым. Тут жа зьмешчаны агляд сямейнага фонду грамадзка-культурнага дзеяча, літаратуразнаўцы, публіцыста, крытыка, выдаўца Станіслава Станкевіча (1907—1980), ягонай жонкі, грамадзка-культурнай дзяячкі, пэдагога Зінаіды Станкевіч (1909—1988) і іх дачкі грамадзкай дзяячкі Раісы Станкевіч (1941—2021). Дакумэнты захоўваюцца ў Беларускай Фундацыі Крачэўскага ў Нью-Ёрку (ЗША), а вопіс і ўпарадкаваньне зрабіла Натальля Гардзіенка.
У рубрыцы “Бібліятэка” чытач знойдзе ажыцьцёўленую дасьледнікам Ігарам Барынавым спробу рэканструкцыі кнігазбору беларускага грамадзкага дзеяча ў Латвіі Кастуся Езавітава, расьцярушанага пасьля ягонага арышту ў 1945 г.
Разьдзел “Асоба” прысьвечаны жыцьцю й творчасьці кампазытара-эмігранта Міколы Шчаглова-Куліковіча. Тут пададзены й верш на сьмерць дзеяча, напісаны паэткай і ягонай сяброўкай Натальляй Арсеньневай і апублікаваны ў 1971 г., і ўспамін з нагоды сыходу з жыцьця кампазытара, напісаны ягоным сябрам і тагачасным старшынём БІНіМу др. Вітаўтам Тумашам, і разьвітальнае слова Вацлава Пануцэвіча, агучанае на пахаваньні ў Чыкага (ЗША) у 1969 г. Таксама ў рубрыцы зьмешчаныя тэксты самога Міколы Шчаглова-Куліковіча “Беларуская музыка. Залатая пара (XIV—XVII стст.)”, “Беларуская савецкая опэра” (урыўкі), “Беларускі Тэатр Эстрады”, а таксама выбраная бібліяграфія дзеяча. Завяршае разьдзел зробленае Галінай Казіміроўскай кароткае апісаньне архіву кампазытара, які захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане (Вялікабрытанія).
У таксама традыцыйным разьдзеле “Публікацыі” гэтым разам месьцяцца працы: Вольгі Зубко “Асабістыя фінансы ў жыцьці беларусаў Прагі (1921—1939)” — артыкул, прысьвечаны грашовым прыбыткам і выдаткам беларусаў міжваеннай Чэхаславаччыны; А. Г. “Архіяпіскап Васіль (Уладзімер Тамашчык): дапаўненьні да біяграфіі” — аднаўленьне дэталяў даваеннай біяграфіі мітрапаліта БАПЦ Васіля (Тамашчыка), зьвязаных зь ягоным удзелам у Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі; Вольгі Івановай “Віленскі беларускі фонд: гісторыя, склад і сумежныя дакумэнты” — дасьледаваньне гісторыі стварэньня й апісаньне зьместу створанага на падставе дакумэнтаў Беларускага музэя імя Івана Луцкевіча Віленскага беларускага фонду, які захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх; Арнольда Макміліна “Ад паэмаў у прозе да балядаў: вершы Ўладзімера Арлова” — падрабязны агляд паэтычнай творчасьці пісьменьніка; Ірыны Кашталян “Палітычная эміграцыя зь Беларусі 1996—2022: спроба праекцыі вуснай гісторыі” — фармуляваньне папярэдніх вынікаў практыкі правядзеньня й аналізу зьместу інтэрвію з палітычнымі ўцекачамі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія цяпер жывуць у розных краінах Эўропы й Амэрыкі. Таксама ў рубрыцы пададзеныя даклады Натальлі Гардзіенкі “Дзеячы беларускай культуры ў эміграцыі пасьля Другой сусьветнай вайны: умовы й магчымасьці выжываньня й дзейнасьці” і “«Ахвяры бальшавізму»: Захаваньне памяці пра рэпрэсіі як частка нацыянальнага дыскурсу беларускай эміграцыі пасьля Другой сусьветнай вайны” і сумесны тэкст Натальлі Гардзіенкі й Лявона Юрэвіча “Аповесьць называлась «Дабрасельцы»” — гісторыя публікацыі беларускімі эмігрантамі ў Мюнхэне ў 1959 г. аповесьці Аляксея Кулакоўскага “Дабрасельцы”, а таксама наступстваў гэтага для аўтара.
Рубрыку “Беларусіка” склаў тэкст Уладзіслава Гарбацкага “Дзяўчына з іскрамі (з успамінаў пра Цётку)”, дзе пададзеная гісторыя знаёмства літоўскай інтэлектуалкі Юліі Білюніене (Julija Biliūnienė), жонкі ведамага пісьменьніка Ёнаса Білюнаса (Jonas Biliūnas) з Алаізай Пашкевіч (Цёткай) і пераклад згадак пра гэта, як і пра супольнае падарожжа ў Італію ў 1908 г. з кнігі “Сэнсы часу” (Laiko prasmės. Julijos Biliūnienės Matjošaitienės atsiminimai. Dukters pasvarstymai: medžiaga besiformuojančios lietuvių inteligentijos mentalitetui suvokti. Vilnius: Lietuvių literatūros ir tautosakos institutas, 2004).
У “Музэі” публікуюцца ілюстрацыі з архіву БІНіМу, зробленыя беларускім пэдагогам і мастаком-эмігрантам Аляксандрам Скараходам для праекту кнігі беларускіх казак, плянаванай да выданьня ў 1950-х гг. У рубрыцы “Літаратура” зьмешчаны драматычны нарыс Янкі Юхнаўца “Узгоркі й пячоры”, напісаны ў 1953 г. і прысьвечаны часу Другой сусьветнай вайны. У разьдзеле “Жанр” пададзены “Аўтанэкралёг” Лявона Юрэвіча.
У “Анталёгіі” пад назовам “Беларускае роднае слова” публікуецца нізка вершаў, прысьвечаных беларускай мове, з плянаванай Янкам Запруднікам анталёгіі. У рубрыцы “Будучая кніга” — пададзеныя вершы беларускага паэта, які пасьля Другой сусьветнай вайны стала жыў у Нямеччыне, Пётры Сыча (1912—1964).
Асобнай увагі варты разьдзел “Вакол твору”, дзе зьмешчаны аповед пра падзеі й спрэчкі, зьвязаныя з публікацыяй на эміграцыі верша Ўладзімера Жылкі “Альбігоец” і меркаваньні, як яго варта сёньня чытаць і разумець.
У рубрыцы “Угодкі ў здымках” публікуюцца здымкі першага Прэзыдэнта паваеннай Рады БНР Міколы Абрамчыка (1903—1970), паэткі Натальлі Арсеньневай (1903—1997), старшыні Рады БНР Вінцэнта Жук-Грышкевіча (1903—1989), грамадзкага дзеяча Барыса Данілюка (1923—2011), пісьменьніка Масея Сяднёва (1913—2001) са збораў БІНіМу.
У традыцыйнай “Кніжнай паліцы” можна прачытаць водгукі: Юрыя Грыбоўскага на кнігу Томаша Блашчака “Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918—1940)” (Смаленск, 2022), Веры Бейкі на “Выбранае” Міхася Кавыля (Беласток, 2023), Уладзіслава Гарбацкага на “Выбранае” айца Лява Гарошкі (Беласток, 2023), а таксама агляд кніг, прысьвечаных беларускай эміграцыі, якія пабачылі сьвет у 2021—2022 гг., ад Яны Славінай і агляд зьместу апошніх выпускаў беларускіх часопісаў і альманахаў, якія выдаюцца ў замежжы.
Пры канцы “Запісаў” зьмешчаная хроніка асноўных падзеяў з жыцьця БІНіМу ў 2023 г.
Каб замовіць асобнік, зьвяртайцеся на Kamunikat.org.