16 лютага ў Вільні прайшло ўрачыстае адкрыццё 13-га Міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова. Ужо трэці раз фэст праводзіцца ў Літве. Традыцыйна на адкрыцці быў абвешчаны лаўрэат Літаратурнай прэміі Стральцова — сёлета гэта паэт Усевалад Сцебурака.
Прызам для лаўрэата стала выданне новай кнігі паэта — “Беларускія зоркі”. Павіншавала лаўрэата ўдава патрона фестывалю Алена Дзмірыеўна Стральцова.
Таксама на адкрыцці чыталіся і спяваліся вершы Міхася Стральцова ўдзельнікамі тэатральнай школы Theatre Razam. З прывітальным словам выступалі кіраўніца “Беларускага музею імя Івана Луцкевіча” Людвіка Кардзіс, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” і пісьменніка Барыс Пятровіч, старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў Грэтэ Ротбёль, старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай. Яўген Вапа, рэдактар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”, і прадстаўніца Гётэ-Інстытута ў экзылі Вера Дзядок таксама павіталі 13-ты фестываль з адкрыццём.
Паэт Уладзімір Някляеў высупіў бліжэй да канца вечара, а на завяршэнне праспяваў некалькі песень Юрый Несцярэнка.
Фестываль працягнецца 17 і 18 лютага, калі пройдуць асноўныя выступы і сустрэчы. З поўнай праграмай можна азнаёміцца тут.