У Вільні пакажуць спектакль паводле твору Арлова

22 траўня тэатральная трупа беларускіх актораў з Варшавы выступіць у Вільні з прэм’ерай спектакля “Ордэн Белай Мышы” паводле аднайменнай прытчы Уладзіміра Арлова.

Казка-прытча “Ордэн Белай Мышы” — гэта тэатральны эксперымент і даследаванне гісторыі Беларусаў праз спалучэнне тэксту класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Арлова і актуальных тэкстаў сучаснай драматургіі.

Сюжэт спектакля — прадказанне. Ён балансуе паміж фантастыкай і рэчаіснасцю, вядзе гледача ў незабыўнае падарожжа ў свет пазнання беларускіх рэалій з іх эмоцыямі і перажываннямі. Гэта размова пра час і пра сябе.

22 траўня | 19:00
Тэатральная заля “Mroj-hall teatras” (Gedimino pr. 28, Vilnius)
Квіткі і падрабязнасці па спасылцы.

Паказ прысвечаны Дню салідарнасці з палітвязнямі.
Для былых палітвязняў і іхных сем’яў, а таксама для сем’яў палітвязняў — адмысловая зніжка 50% на ўсе катэгорыі квіткоў. Для замовы квіткоў палітвязням і іх сем’ям арганізатары просяць звятацца ў асабістыя: @tolanyc4.

Пастаноўка была ініцыявана беларускімі акторамі Ігарам Сіговым, Святланай Зелянкоўскай, Аляксандрам Ждановічам, рэжысёрам Уладзімірам Ушаковым і драматургіняй Дзіянай Балыка.