У Варшаве з’явіўся мурал з радкамі паэта Алеся Дудара

Беларуская мастачка Таша Кацуба намалявала мурал каля бара Карма” ў Варшаве, прысвечаны “Ночы расстраляных паэтаў”. Выява ўключае ў сябе цытату з верша расстралянага паэта Алеся Дудара “Маладняку”, які быў напісаны ў 1926 годзе.

Калі трэба – пойдзем на нажы,

Сэрца вытачым на жвір, на камень…

Мы жылі,

Жывём

І будзем жыць,

Бо ў прасторах Заўтра спатыкаем.

Імпрэзу зладзіў Free Belarus Center пры падтрымцы бара “Карма”. Адкрыццё муралу суправаджалася чытаннямі, у якіх узялі ўдзел Крысціна Рыхтэр, саўладальнік “Кармы” Глеб Кавалеў, рэжысёрка і спявачка Паліна Дабравольская (Сhornabrova) ды іншыя.

Таксама цяпер можна набыць майкі і торбы з працай Ташы Кацубы ў бары “Карма” ці ў каворкінгу Free Belarus Center.

Фота: Яўген Меркало