Выйшаў музычны альбом на вершы габрэйскіх паэтаў Беларусі

30 траўня выйшаў музычны альбом, заснаваны на вершах габрэйскіх паэтаў Беларусі, якія пісалі на ідышы ў першай палове XX стагоддзя. Кружэлка, кампазіцыі для якой стварылі сямёра сучасных беларускіх выканаўцаў, называецца Yiddish Veršes.

Праект Yiddish Veršes ініцыяваны Цэнтрам беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны ў партнёрстве з музычным лэйблам Radio Plato. Яго мэта — вярнуць у культурную прастору пласт беларускай гісторыі, выцеснены з грамадскай памяці. Yiddish Veršes прапануе новае прачытанне культурнай спадчыны, што дзесяцігоддзямі заставалася ў цяні.

У альбом увайшлі кампазіцыі на вершы Лейба Найдуса, Мойшэ Кульбака, Ізі Харыка, Абрама Рэйзена — вялікіх паэтаў, чые імёны сёння амаль невядомы шырокай аўдыторыі, а ідыш — мова, на якой яны пісалі, знік са штодзённага жыцця.

Удзельнікамі альбому сталі сямёра беларускіх выканаўцаў: Palina, Tok Rukoo, KOOB, WTBSK, Syndrom Samazvanca, Лайтовы і Anastasia Rydlevskaya.

Экспертную падтрымку Yiddish Veršes аказваюць літаратуразнаўца, прафесар славістыкі і юдаікі Міхаіл Круцікаў (University of Michigan) і лінгвіст Сяргей Шупа (Прага).

Паслухаць альбом Yiddish Veršes можна на ўсіх лічбавых пляцоўках, абраўшы найзручнейшую для вас па спасылцы bnd.lc/ydver

Трэк-ліст альбому

  • KOOB & Thomas Varrall — «Lejb Najdus» — (Лейб Найдус “Я сэрцам сонца п’ю нектар”)
  • Лайтовы — «Немата» — (Мойшэ Кульбак “Немата”)
  • Palina — «Маладым» — (Ізі Харык “Не жыві ў паняверцы…”)
  • Anastasia Rydlevskaya — «Howl» — (Абрам Рэйзен “Howl, Howl, Raging Winds”)
  • Syndrom Samazvanca — «Viecier» — (Ізі Харык “Мокры, згублены вецер…”)
  • Tok Rukoo — «Sérénade Mélancolique» — (Лейб Найдус “Sérénade Mélancolique”)
  • WTBSK — «Heler Papir / Светлая папера» — (Мойшэ Кульбак “Песня бедняка (3)”)

Публічная прэзентацыя альбому адбудзецца 13 чэрвеня ў Вільні ў рамках гарадскога фестывалю “Ноч культуры” з удзелам некаторых артыстаў з кампiляцыi.

Пра ідыш і паэтаў, чые вершы сталі песнямі ў межах праекту можна пачытаць тут.