У межах Беларуска-яўрэйскага фестывалю адбыўся рэліз новага музычнага праекта, дзе беларускія музыкі даследуюць беларуска-яўрэйскую паэзію. Стартуе праект вершам Мойшэ Кульбака “Культура” (1917) у выкананні беларускай спявачкі Pаlina.
“Мойшэ Кульбак стварыў цікавы метафарычны тэкст пра дасягненні прагрэсу, якія ён верагодна нават не бачыў сваімі вачыма. Мне падаецца сучасным і сваечасовым паразважаць аб гэтым. Гэты музычны эксперымент — магчымасць адкрыць дыялог з аўтарам праз стагодзi і ўзняць пытанне ўзаемаадносін чалавецтва і яго дасягненняў. Цягнік цяпер як стары добры пёс, але з якімі пачварамі мы сутыкнемся заўтра? Як падрыхтавацца да будучыні? Чыя гэта будзе песня? Штучны інтэлект спросціць чалавечае жыццё ці адменіць чалавека, ці паўстанне робататэхніка і як глыбока дойдзе чалавечая адзінота — пытанні адкрытыя”, — разважае з нагоды рэлізу Palina.
“Культура” — адзін з ранніх вершаў Мойшэ Кульбака, напісаны ў Коўне ў 1917 годзе, які ўвайшоў ва ўрбаністычны цыкл “Пад задымленым небам”. У вершы Кульбак захапляецца цудоўным новым светам, адчуваючы сябе ягоным усёмагутным творчым уладаром, не зважаючы на тое, што 20-е стагоддзе ўжо распачало сваю крывавую храналогію войнаў, тэрору і гвалту.
Сінгл выпушчаны ў партнёрстве з Radio Plato.
Слухаць можна на любых зручных лічбавых пляцоўках тут.