У Кітаі паўнамоцным прадстаўніком беларускай літаратуры па праву можна называць прафесара Гу Юя, які шмат намаганняў, высілкаў прыкладае для пераўвасаблення твораў беларускіх паэтаў на кітайскую мову.
Зусім нядаўна кітайскі перакладчык завершыў пераклады падборкі вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, адзначае zviazda.by.
«Перакладаў я на аснове рускіх перакладаў, якія здзейсніў Ілля Фанякоў, — расказвае Гу Юй. — Наколькі я зразумеў, гэта, відаць, адны з апошніх твораў Рыгора Барадуліна. Ды і дакладна — апошнія пераклады яго вершаў на рускую мову. Зроблены напрыканцы жыцця паэта, каля дзесяці гадоў назад… Перасылаю зробленае ў Беларусь, са спадзяваннем, што творы будуць змешчаны ў кітайскамоўным раздзеле часопіса «Беларусь». А таксама надрукую пераклады вершаў Рыгора Барадуліна і ў Кітаі…».
Зараз Гу Юй працуе над пераўвасабленнем на сваю родную мову паэтычнай падборкі Яўгеніі Янішчыц.
«Ведаю, што сёлета паэтэсе споўнілася б 75 гадоў, — дзеліцца развагамі Гу Юй. — З электронных медыя адкрыў для сябе і тое, як шануюць яе творчасць у Беларусі. Прызнаннем гэтага з’яўляецца і выданне чатырохтомнага Збору твораў Яўгеніі Янішчыц, якая пайшла з жыцця зусім у маладым узросце. Мяне ўразіла ў яе паэзіі лірычная плынь, захопленасць чалавечым жыццём… Вось і вырашыў зрабіць пераклады вершаў Я. Янішчыц на кітайскую мову ў знак яе юбілея, у знак памяці пра яе выключна высокі талент».