У межах варшаўскай часткі фестывалю “Прадмова”, які завяршыўся 9 кастрычніка, была ўручаная прэмія “Гліняны Вялес”. Узнагароду атрымала паэтка Наста Кудасава за новую кнігу “Побач”.
“Гліняны Вялес” — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе членамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэта Алесь Аркуш. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.