Днямі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” абвесціў у сваіх сацыяльных сетках вынікі тэндэру да выдання пераможцаў конкурсу “Шуфлядка”, абвешчанага ў 2022 годзе для тых, хто мае сваю кнігу і хоча яе надрукаваць.
Такім чынам, кнігу Эліяш Барт, «Джа. Легенда аб забраным сэрцы» надрукуе выдавецтва Gutenberg Publisher; кнігу Дзяніса Марціновіча «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» – выдавецтва «Янушкевіч»;
прозу Валерыя Гапеева «Бясконцы дзень» – выдавецтва «Янушкевіч».
Конкурс “Шуфлядка” адбываўся ў трох намінацыях:
– дзіцячая і падлеткавая літаратура;
– нон-фікшн, гістарычная і дакументальная проза;
– масавыя жанры – дэтэктыў, фэнтэзі, фантастыка, прыгоды.
Першы конкурс рукапісаў на беларускай мове «Шуфлядка» быў створаны фестывалем інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA з мэтай падтрымаць аўтараў – як пачаткоўцаў, так і тых, хто піша даўно. Жаданне падвысіць цікавасць чытачоў і людзей слова да масавых жанраў, садзейнічаць публікацыі рукапісаў – з’яўленню новых кніг, – таксама сярод прыярытэтаў праекта. Сёлета на конкурс быў дасланы 61 рукапіс ад 46 аўтараў і аўтарак. Пераможцы былі абвешчаныя ў пачатку чэрвеня.