Топавы чыноўнік і вядомы пісьменнік, Янка Нёманскі стаў прыкладам таго, як з сялянскай галечы можна не толькі выйсці ў людзі, але і зрабіць паспяховую кар’еру. Разам з тым, быў у гэтага медаля і адваротны бок. Блогер Кніжны Хома паспрабаваў разабрацца ў жыцці і творчасці нашага выбітнага земляка.
Янка Нёманскі – творчы псеўданім беларускага навукоўца і пісьменніка Івана Андрэевіча Пятровіча.
Ён нарадзіўся 31.03.1890 года ў вёсцы Шчорсы Наваградскага павета Менскай губерні (цяпер гэта Гарадзенская вобласць) ў беднай сялянскай сям’і. Дзяцінства хлопчыка цяжка назваць шчаслівым: у 1901 годзе сканала ад сухотаў маці, а потым паступова памерлі ад выкліканага голадам знясілення пяцёра братоў і сёстраў, а таксама бабуля, дзядуля і дзядзька. Такім чынам, у 1906 годзе сярод жывой радні ў Янкі заставаліся толькі ягоная цётка і бацька, Андрэй Мікалаевіч. Апошні паехаў на заробкі ў Расею, дзе і знік.
Тым не меней, Іван не толькі выжыў, але і атрымаў адукацыю. Ва ўспамінах ён згадваў, што з шасці гадоў яго першымі настаўнікамі былі сваякі, а лепшым – “само жыццё, сама натура. Тое навучанне, якое я атрымаў ад іх, самае дасканалае і не сатрэцца ніколі, пакуль мне выпадзе жыць і працаваць”.
Скончыўшы пачатковую школу ў роднай вёсцы, Янка выправіўся ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе ў розны час вучыліся Якуб Колас, Кузьма Чорны і Адам Багдановіч (бацька Максіма Багдановіча). Установа была не надта прэстыжная, аднак даступная – плату не бралі, а найлепшым вучням нават давалі стыпендыю. Пасля семінарыі Іван сам стаў настаўнікам і паралельна займаўся самаадукацыяй, бо марыў паступіць ва ўніверсітэт.
Мары спраўдзіліся: у 1915 годзе будучы пісьменнік быў залічаны на гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага імператарскага ўніверсітэта. Падчас вучобы цяжка ён працаваў грузчыкам у порце ды жыў у адным пакоі з некалькімі людзьмі. “Вучыцца было нялёгка, — успамінаў пазней Іван Пятровіч, — бо трэба было змагацца з жыццём, спадзеючыся толькі на свае сілы — дапамогі чакаць не прыходзілася. Але ўпартасць, узгадаваная з дзіцячых гадоў, дапамагала адолець усе прыкрасці жыцця, якія часамі бывалі нязмерна цяжкімі”.
Неўзабаве змаганне за жыццё ва ўніверсітэце саступіла месца яшчэ больш цяжкім выпрабаванням, бо ў 1916-м Янка быў мабілізаваны і пасля школы прапаршчыкаў трапіў на фронт. Праз год ён дэмабілізаваўся з царскага войска і вярнуўся ў Петраград, дзе працягваў адукацыю і нават стаў адным з лідараў беларускага руху. Адразу пасля рэвалюцыі працаваў сакратаром культурна-асветніцкага аддзела ў Белнацкаме, а пасля — загадчыкам яго выдавецкага аддзелу. Апроч таго, Іван быў сябрам Беларускага вольна-эканамічнага таварыства, створанага ў Петраградзе з мэтай развіцця навукі, культуры, народнай гаспадаркі Беларусі. Цікава, што падчас службы ў Белнацкаме Нёманскі быў эсэрам, а бальшавіком стаў пазней. Гэты “грэх” пісьменніку прыпомняць пазней і выключаць з партыі.
Разам з Цішкам Гартным Янка выдаваў першую савецкую беларускую газету “Дзянніца”, на старонках якой друкаваліся мастацкія творы многіх класікаў (Я. Коласа, Ц. Гартнага, А. Гурло, М. Гарэцкага і інш.). Ды і сам ён змяшчаў там свае артыкулы, некаторыя з іх падпісваючы псеўданімам “Я. Нёманскі”.
Цывільные жыццё цягнулася нядоўга, бо ў 1919-м пісьменніка зноў мабілізавалі, на гэты раз ужо ў Чырвоную армію. Прымаючы непасрэдны ўдзел у баях, ён прайшоў усю Беларусь, ваяваў на Карэльскім, Петраградскім, Польскім франтах, пад Нарвай і Варшавай, у Сібіры і нават на Далёкім Усходзе.
У 1922-м Янка вярнуўся ў Беларусь, дзе пачаў хутка прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы: стаў членам ЦВК, намеснікам старшыні Дзяржплана і займаў іншыя адказныя пасады. Гэты год быў адметны яшчэ і тым, што першы нумар часопіса “Полымя” адкрывала яго апавяданне “Над Кроманню”.
Акрамя службовай дзейнасці, звязанай перш за ўсё з эканомікай, Нёманскі быў шчырым прыхільнікам меліярацыі. Пазней, калі падчас партыйных чыстак ён напіша заяву на імя Мікалая Гікалы (сакратара ЦК партыі), то сярод уласных заслуг згадае, што яго праца бралася ў штыкі з боку старых спецыялістаў, якія пасля аказаліся “шкоднікамі” (у тым ліку і ў пытанні меліярацыі, дзе ён патрабаваў найхутчэйшага асваення новых плошчаў).
Адметна, што і самога пісьменніка пазней назавуць шкоднікам. У прыватнасці, ён працаваў над раянаваннем рэспублікі і яшчэ ў 30-х прапанаваў стварыць Бабруйскую вобласць (гэта, дарэчы, і праўда адбылося ў 1944-м). Але на той час яго зрабілі вінаватым: органы дзяржбяспекі даслалі ў ЦК “замечания по вопросу о создании областей в БССР”, дзе Нёманскі пазначаны як “вредитель”.
Варта адзначыць, што Янка адзіны з Дзяржплану (прынамсі паводле ягоных слоў) абараняў будаўніцтва трамвая ў Менску: 13.10.1929 года замест коннага рушыў першы электрычны трамвай.
Што да навуковай дзейнасці, то Іван Пятровіч прымаў актыўны ўдзел у працы Інбелкульта, а пасля заснаваня Беларускай акадэміі навук стаў яе правадзейным членам (пазней быў таксама неадменным сакратаром, сябрам прэзідыўма і дырэктарам Інстытута эканомікі).
Такім чынам, адзін толькі пералік тых пасад Нёманскага займае ладны кавалак тэксту. Здавалася б, адкуль тут узяцца часу на пісьменства? Першы зборнік яго апавяданняў пад назвай “На зломе” выйшаў у 1925-м, а праз два гады расейскамоўны пераклад гэтых твораў быў надрукаваны ў Ленінградзе з уступным артыкулам С. Замбржыцкага.
Пачаўшы з апавяданняў, пісьменнік паступова пераходзіў да больш буйных празаічных твораў. У 1927 пабачыла свет аповесць “Партызан” — пафасная гісторыя подзвігаў беларускага юнака, які з невялікім атрадам змагаўся супраць “белапалякаў”. На гэтым аўтар не спыніўся, задумаўшы вялікі твор, які апісаў бы класавую барацьбу напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі — ім стаў раман “Драпежнікі”.
Твор з’яўляецца тыповым прадуктам эпохі і паказвае рэзкі кантраст паміж працоўнымі і эксплуататарамі. Янка Нёманскі, які паходзіць з беднай сялянскай сям’і, падрабязна апісвае галечу і адчай ніжняга саслоўя. Ім супрацьпастаўляюцца “драпежнікі” — паны і гандляры, што нажываюцца на простым людзе. Твор так і застаўся няскончаным. Дакладней, можа аўтар і дапісаў яго, але пра тое мы не даведаемся. Рэч у тым, што першая частка рамана была надрукавана ў часопісе “Полымя”, а другую канфіскавалі падчас вобшуку. Дзе той рукапіс цяпер? Калі і захаваўся, то яго месцахнаходжанне невядома.
Да арышту пісьменнік з сям’ёй жыў у так званым “Трэцім Доме Саветаў” — прэстыжным будынку па вуліцы Горкага (цяпер гэта дом № 23 па вуліцы Багдановіча). Высокі чыноўнік і паспяховы пісьменнік, 26.10.1937 года ён пачуў грукат у дверы сваёй кватэры, а яшчэ праз тры дні быў асуджаны як “член нацыянал-фашысцкай арганізацыі” да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці.
Пісьменнік Васіль Хомчанка, які таксама быў ахвярай рэпрэсій, згадваў, што з ім у адной камеры знаходзіліся ажно тры літаратрары: Янка Нёманскі, Янка Туміловіч і Майсей Сяднёў. З іх выжылі толькі Сяднёў і сам Хомчанка, а Нёманскага расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га.
Пацярпелі і члены ягонай сям’і: жонка, Глафіра Дзмітрыеўна, была арыштавана праз некалькі дзён пасля расстрэлу і асуджаная на восем гадоў папраўча-працоўнай калоніі. Заставалася трое дзяцей: старэйшаму з іх, Андрэю, які вычыўся ў дарожна-механічным тэхнікуме, прысудзілі 5 гадоў калоніі, аднак да канца тэрміна ён не дажыў, памёршы ў лагеры. Усю сям’ю пазней рэабілітавалі.
Што можна пачытаць з Янкі Нёманскага? Папяровыя выданні ёсць у бібліятэках, а часам сустракаюцца ў букіністычных крамах і на інтэрнэт-аўкцыёнах ay.by. Тры прыжыццёвыя выданні ў добрай якасці можна спампаваць на Wikipedia Commons, а яшчэ больш твораў ёсць на “Беларускай палічцы”