На пляцоўцы YouTube з’явіўся новы канал, прысвечаны беларускай літаратуры з назвай “Для тых, хто забыўся на радзіму”, у якім не па-школьнаму абмяркоўваюцца беларускія аўтары і аўтаркі.
“Першыя 5 відэа на канале расказваюць пра невідавочныя факты з біяграфіі беларускіх класікаў, сярод якіх Янка Купала, Максім Багдановіч, Цётка і Францыск Скарына. У наступных відэа мы разбіраем творчасць сучасных беларускіх аўтараў і аўтарак, іх жыццё ў эміграцыі і міжнародны літаратурны вопыт”, — тлумачаць арганізатаркі, якія маюць на мэце паказаць, наколькі шматбаковай і цікавай можа быць беларуская літаратура, і натхніць яе чытаць.
Вядзе канал выпускніца ліцэя БДУ Паліна. Разам з ёй у выпусках пра літаратуру размаўляюць розныя беларусы і беларускі — маладыя паэткі і паэты, арганізатары і арганізатаркі розных культурных праектаў.