Распачынаецца прыём заявак на літаратурную прэмію імя Карласа Шэрмана. Прэмія ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.
Сёлета прэмія будзе ўручаная за найлепшыя пераклады, выдадзеныя ў 2021 і 2022 гадах. Прафесійнае журы вызначыць лаўрэатаў прэміі ў трох намінацыях: «Пераклад прозы», «Пераклад паэзіі», «Пераклад дзіцячай кнігі». Пераможцаў чакаюць каштоўныя ўзнагароды.
Удзельнічаць у конкурсе могуць пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным варыянце ў 2021 і 2022 гадах (кожны сезон асобна).
Каб намінаваць пераклад, выдадзены ў 2021 годзе, запоўніце, калі ласка, гэтую форму:
Каб намінаваць пераклад, выдадзены ў 2022 годзе, трэба запоўніць іншую форму.
Заяўкі прымаюцца да 20 жніўня (уключна).
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана.
Суарганізатарамі прэміі сёлета выступаюць Bellvory Stiftung (Switzerland), Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
У 2021 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана былі Вольга Гронская за пераклад кнігі Даніэля Кельмана «Тыль», Юлія Цімафеева за пераклад вершаў Стывена Крэйна і Алена Пятровіч за пераклад кнігі Джоан Роўлінг «Гары Потэр і таемная зала».
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook: і ў Instagram.
Паводле прэс-рэлізу