Мастачка, перформерка Надзя Саяпіна, якая сарод іншага займалася сцэнічным дызайнам нашумелай оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” ў лонданскім тэатры “Барбікан”, падрыхтавала выставу, якая спалучае ў сабе мастацкія аб’екты і цытаты з твораў беларускіх літаратараў.
Праект называецца “Сiažar blukannia” (The Burden of Wandering) і ўяўляе з сябе шэраг арт-аб’ектаў, якія зроблены з парафіну і кнота, памерам 24x12x5. Па-сутнасці, гэта цагліны-свечкі.
“Крохкія цагліны роднага кута, раскіданыя ў часе і прасторы. Словы пераплаўляюцца ў вершы і расцякаюцца па краінах, наноў будуюць вобраз родных мясцін і самое ідэнтычнасці. Коласаўскі “Мой родны кут,як ты мне мілы!” (1911-1923), напісаны паэтам за кратамі і ў адарванасці ад роднага краю падчас падзеленасці Беларусі, гучыць рэфрэнам у вершах беларускіх паэтаў і паэтак рознага часу. Адчуваючы і пражываючы цяжар выгнання і блукання па свеце, у новых закутках мы збіраем і запальваем свае рытуальныя агні”, — так тлумачыць пасыл літаратурна-мастацкага праекту аўтарка Надзя Саяпіна.
На “крохкіх цаглінах” можна прачытаць словы з твораў як сучасных, так і класічных беларускіх аўтараў: Марыі Бадзей, Ганны Шакель, Насты Кудасавай, Віталя Рыжкова, Андрэя Хадановіча, Альгерда Бахарэвіча, Ганны Севярынец, Ларысы Геніюш, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Сяргея Новік-Пеюна, Антонія Эдварда-Адынца.