18 чэрвеня ў Вільні адбудзецца прэзентацыя новай кнігі паэта і перакладчыка Ігара Кулікова “БЯС КРАЙ”, якая нядаўна пабачыла свет у берлінскім выдавецтве hochroth Minsk. У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя са жніўня 2020 па сакавік 2024, а таксама жменя ранейшых, але звязаных з рэштаю калі не падзейна, то змястоўна.
Прэзентацыя пройдзе ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20). Пачатак у 19:00.
Ігар Кулікоў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Менску. Закончыў філфак БДУ. Піша вершы. Перакладае паэзію і часам прозу (пераважна з санскрыту і ангельскай). Аўтар сямі паэтычных зборнікаў: «Паварот на мора» (2011), «Свамова» (2013), «Сівер-гара» (2015), «Валадар загадак» (2017), «Храм ракі» (2019), «Вецер нішто і рэха цьмы» (2021), «Нетутэйшая далечыня» (мусіць выйсьці
ў 2024). З перакладаў можна згадаць урыўкі з Магабгараты, выбраныя творы Калідасы, Бгартрыгары, Роберта Фроста, а таксама «Валадар пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіна.
Hochroth — выдавецкі калектыў з шасцю незалежнымі лакацыямі, прысвечаны публікацыі паэзіі. У цэнтры ўвагі — інтэнсіўнае супрацоўніцтва з аўтарамі і перакладчыкамі, якаснае афармленне кніг, удзел у сучасным літаратурным жыцці і міжнародны абмен.
Кнігі hochroth маюць адзіны дызайн, вырабляюцца паштучна метадам мануфактуры, кожны асобнік пранумараваны. За друк беларускай паэзіі адказвае паэт Дзмітрый Строцаў.