Ганна Кандрацюк з Падляшша стала лаўрэаткай Прэміі Гедройця

25 лістапада ў польскім горадзе Гданьск на ўрачыстай цырымоніі былі абвешчаны пераможцы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Галоўны прыз атрымала журналістка і пісьменніца з Падляшша Ганна Кандрацюк за кнігу “У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы” з фармулёўкай “за добра ўдакументаваны цуд”.

Другое месца журы прысудзіла гісторыку Сцяпану Стурэйку за ягоную дэбютную кнігу мастацкай прозы “Пасажыры карабля Тэсэя” (выдавецтва “Янушкевіч”).

Трэцяе месца заняў фатограф, гісторык і этнограф Сяргей Лескець за кнігу “Шэпт” (выдавецкая ініцыятыва “Вільма” супольна з выдавецтвам Р. Цымберава).

Пераможцы былі абраныя журы з кароткага спісу.

Ганна Кандрацюк-Свярубская нарадзілася ў 1965 годзе ў Кутлоўцы на Падляшшы ў сям’і Яна і Мар’і (з дому Міхалевіч). Вучылася ў школе ў Ласінцы, пасля ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы. У 1991 годзе скончыла Варшаўскі ўніверсітэт, адзяленне русістыкі і прыкладной лінгвістыкі. Тэма магістарскай дысертацыі: “Этыка і эстэтыка ў паэзіі Наталлі Арсенневай”. З 1993 года працуе ў тыднёвіку “Ніва”. Цяпер жыве ў Беластоку.

Аўтарка кніжкі пра забытага музыканта з Сакольшчыны Яна Тарасевіча — “W stronę Tarasiewicza” (Беласток, 2002, другое выданне 2004). У 2007 выйшаў зборнік апавяданняў “Царская трызна”. У 2013 выдала кнігу на польскай мове “Białoruś. Miłość i marazm” (Fundacja Sąsiedzi). У 2017 выйшла кніга “Па Прыпяці па Нобель”, якая ўвайшла ў лонг-ліст Прэміі Гедройца 2018. І вось наступная кніга Ганны Кандрацюк “У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы”, якая складаецца з рэпартажаў пра людзей Беласточчыны і выдадзеная Праграмнай радай тыднёвіка “Ніва” ў 2022 годзе, атрымлівае галоўны прыз Прэміі Гедройця.

Раней, у кастрычніку 2023 года, кніга Ганны Кандрацюк “У прысценку старога лесу” была ўганараваная прэміяй імя Алеся Адамовіча, разам з палітвязнем Максімам Знакам, які стаў лаўрэатам за кнігу “Зэкамерон”.

“Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі… Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў”, — напісаў пра гэтую кнігу Уладзімір Арлоў.

Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца з 2012 года. Яе лаўрэатамі ў розныя сезоны станавіліся Уладзімір НякляеўВіктар КазькоІгар БабкоўЕва Вежнавец. Летась у конкурсе перамог Сяргей Абламейка са сваёй кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая». Сёлета праз сацыяльна-палітычную сітуацыю апошняга часу і з пытанняў бяспекі агулам на прэмію было намінавана 15 кніг.