Верасень 2023 года — юбілейны для найвядомейшага беларускага этнографа ХІХ стагоддзя, аднаго з выдатных збіральнікаў і публікатараў фальклорнай і этнаграфічнай спадчыны Беларусі Міхала Федароўскага.
Міхал Федароўскі нарадзіўся 1 верасня 1853 года ў сям’і варшаўскага мешчаніна, кашуба па паходжанні, які ажаніўся з полькай Элеанорай Гансовіч. У 1877—1904 гг. жыў на Беларусі, бо, пасля выхаду ў адстаўку з ваеннай службы, пераехаў у свой маёнтак у Пружанскім павеце, дзе й пражыў 27 гадоў.
Федароўскі збіраў кнігі, творы жывапісу і графікі, гістарычныя, фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, вёў археалагічныя раскопкі ў Пружанскім, Ваўкавыскім і іншых паветах Гродзенскай губерні. Зафіксаваў каля 1,5 тыс. беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 тыс. беларускіх народных песень, каля 10 тыс. прыказак, сотні казак, загадак і іншых твораў, якія выданыя у 8-томнай працы «Люд беларускі».
Значную частку сваіх збораў запісаў на Сакольшчыне, Янаўшчыне, Дуброўшчыне, у ваколіцах Беластоку, Нараўкі. Таксама аўтар этнаграфічнай працы «Пружана і яе ваколіцы».
Памёр 10 чэрвеня 1923 г. Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве, Польшча.