Дзмітрый Бурбуць (праект Shakal.Today) і Настасся Саматыя (Hitkiller.com), калісьці аўтары «Музычнай газеты» і «М-часопіса», вырашылі сабраць у адным месцы гісторыі людзей, якія стваралі гэтыя культавыя выданні. Матэрыял, які атрымаўся, удалося дапрацаваць і звярстаць у 2023-м годзе.
“Толькі не падумайце, што вы будзеце чытаць нейкую чарговую аўтабіяграфію. Наша праца — гэта проста спроба захаваць у памяці продкаў дзівосную гісторыю “Музычнай газеты” і “М-часопіса” — двух культавых мінскіх выданняў, якія ў 90-х і пачатку 2000-х маглі па праве лічыцца флагманамі на рынку музычнай прэсы Беларусі. Флагманамі не па якасці паліграфіі (хоць і гэта таксама), але па якасці матэрыялаў, якія рыхтаваліся сапраўды высокапрафесійнымі людзьмі. Ну ці, прынамсі, людзьмі, якія рэальна дбалі аб сваёй справе”, — расказваюць пра выданне аўтары.
“Хронікі “Нестара” — гэта 148 старонак, добрая сотня фатаграфій і дзесяткі інтэрв’ю з галоўнымі героямі. Усё гэта даведзена да ладу і апублікавана ў фармаце PDF (амаль 200 МБ). Аўтары мяркуюць, што гісторыю стварэння і заняпаду менскай «Музычнай газеты» і «М-часопіса» яны занатавалі вычарпальна.
“Больш нічога такога ніхто не напіша, хаця б з той прычыны, што героі нашай кнігі ўжо пачалі на жаль, паміраць”, — падсумоўваюць Дзмітрый Бурбуць і Настасся Саматыя.
Спампаваць кнігу ў PDF можна на Patreon за ахвяраванне ў 10 еўра.