Выдавецтва Audiobooks.by выпусціла аўдыяверсію рамана-анекдота Паўла Касцюкевіча “Блог Усяслава Чарадзея”. Упершыню кніга выйшла ў 2013 годзе ў выдавецтве “Логвінаў”, цяпер жа рыхтуецца перавыданне на паперы ў Gutenberg Publisher.“
“Ведаем, вы гэтага чакалі! Так, гэта той самы Слава Ч. — цяпер ягоны блог можна паслухаць цалкам і без цэнзуры на любой зручнай вам пляцоўцы”, — пішуць у інстаграме выдаўцы з Audiobooks.by і запрашаюць слухаць першую частку бясплатна на YouTube.
Таксама кніга даступная цалкам на іншых пляцоўках: Kobo (працуе ў Беларусі), Google Play Books, Apple Books, Spotify Audiobooks.
“Легендарны Усяслаў Чарадзей не ёсць полацкім князям, які часам знянацку ператвараецца ў ваўка, а наадварот — вольным зверам, які раз-пораз неахвотна залазіць на полацкі трон і ў людскія адзежыны, — гаворыцца ў анатацы. — На старонках свайго запаветнага блога гэты мірны ваўкалак-вегетарыянец дзеліцца з чытачом, як гэта — апынуцца ў княскай скуры і кіраваць старадаўнім Полацкам княствам. Блогу Чарадзей давярае ўласныя шляхетныя перажыванні, скардзіцца на недасканаласць і адсталасць сучаснага яму сярэднявечнага чалавечага грамадства, дзеліцца аб прагрэсіўных навінках ляснога мегаполісу, а таксама расказвае пра сваё неймавернае падарожжа ў часе па тысячагадовай рацэ беларускай гісторыі”.
Аўтар выказвае падзяку Ніне Шыдлоўскай і Алене Макоўскай, каардынатарам кампаніі.