Пасля вылучэння кніг Украіны ў асобную класіфікацыю бібліятэка адкрывае беларускі раздзел у каталагізатары, паведаміў Ігар Іваноў, бібліятэкар, стваральнік выдавецтва Skaryna Press.
Раней кнігі Украіны і Беларусі канцэнтраваліся ў аддзеле “Расія/СССР”.
“Бібліятэка Кангрэсу (тая, што амэрыканская нацыянальная і, бадай, самая вялікая ў сьвеце) паведаміла, што пераглядзела клясыфікацыю ўкраінскага разьдзелу – вылучыла ў асобны ад СССР/Расеі разьдзел (з DK508 у DK5001-5995) і больш адэкватна і поўна расьпісала пэрыядызацыю гісторыі, культуры і г.д. На чарзе ў іх – Беларусь. Яе таксама вылучаюць у асобны ад СССР/Расеі разьдзел (з DK507 у DK2001-2995). Цяпер яны шукаюць спэцыялістаў для супрацы ў гэтай справе” — напісаў Ігар Іваноў.
Бібліятэка Кангрэса — нацыянальная бібліятэка ЗША, адна з найбуйнешых бібліятэк свету. Заснаваная ў 1800 г., знаходзіцца ў Вашынгтоне. З’яўляецца навуковай бібліятэкай Кангрэса ЗША, абслугоўвае ўрадавыя органы, даследчыя ўстановы, навуковых супрацоўнікаў, прыватныя фірмы і прамысловыя кампаніі, школы. Адмысловы аддзел Бібліятэкі Кангрэса займаецца афармленнем аўтарскіх правоў.
Бібліятэка Кангрэса мае 18 чытальных зал на 1460 чытацкіх месцаў. З бібліяграфічных выданняў бібліятэкі Кангрэса найбольш значныя – «Нацыянальны зборны каталог» («The National Union Catalog»), які выходзіць з 1958 года штомесяц, і зборны каталог кніг, які захоўваюцца ў бібліятэках ЗША.