Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч стаў лаўрэатам Ляйпцыгскай кніжнай прэміі еўрапейскага паразумення 2025 (Leipziger Buchpreis zur Europäischen Verständigung) за раман “Сабакі Эўропы”.
Журы адзначыла, што аўтару ўдалося стварыць “вар’яцкую літаратурную візію будучыні” ў сваім “рамане, які змушае трашчаць па швах традыцыйную нарацыю”.
Гэтая “дзікая сумесь палітычнага трылеру, эпасу, прыгодніцкай гісторыі, сатыры і казкі” занурае чытача “ў самыя цёмныя закуткі цяпершчыны”. Аўтар па-майстэрску выкарыстоўвае супярэчнасці, ператвараючы іх у іскры, якія “ззяюць у 2050 годзе паміж Менскам, Вільняй, міжземнаморскім востравам, Гамбургам, Прагай і Берлінам”. Журы прыняло аднагалоснае рашэнне, бо “немажліва апавесці больш палкую і заўзятую гісторыю пра Еўропу і ейныя бездані”.
“Рады, што мая галоўная кніга ацэненая так высока; рады, што яна чытаецца, перакладаецца, абмяркоўваецца. Рады апынуцца сярод ляўрэатаў гэтай прэміі — такіх, як Імрэ Кертэс, Сьвятлана Алексіевіч, Рышард Капусьцінскі, Ян Кершоў, Юры Андруховіч, Кляўдыё Магрыс, Эрык Гобсбаўм, Славенка Дракуліч і іншых”, — пракаментаваў навіну пра атрыманне ўзнагароды Альгерд Бахарэвіч.
Кніга была выдадзеная ў лютым 2024 года выдавецтвам Voland & Quist у перакладзе Томаса Вайлера, які паспеў атрымаць прыстыжную перакладчыцкую прэмію за сваю грунтоўную працу. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 26 сакавіка 2025 году падчас адкрыцця Ляйпцыгскага кніжнага кірмаша. Прамову на гонар кнігі і аўтара зробіць літаратурны крытык Зігліндэ Гайзэль.
Памер грашовай узнагароды Прэмія за еўрапейскае паразуменне, якая ўручаецца з 1994 году, складае 20 000 еўра.
Загалоўнае фота аўтарства Юлі Цімафеевай