Апавяданні польскага пісьменніка-бунтара — упершыню па-беларуску

У выдавецтве “Логвінаў” выйшла з друку кніга выбраных апавяданняў польскага пісьменніка Марэка Гласка “Першы крок у аблоках”, перакладзеная на беларускую мову Марыяй Пушкінай. Рэдактаркай выступіла перакладчыца і выкладчыца Марына Казлоўская.

Марэк Гласка (Marek Hłasko, 1934–1969) — бунтар, легенда, аўтар, забаронены ў Польшчы на дзесяцігоддзі. Зборнік “Першы крок у аблоках” прадстаўляе беларускаму чытачу выбраныя апавяданні Гласкі, дэбютныя і крыху пазнейшыя: жорсткія, кранальныя, поўныя трывогі і пяшчотыя адначасова. Яны сталі голасам пакалення 1950-х — моладзі, расчараванай пасляваенным светам і душнай рэчаіснасцю Польскай Народнай Рэспублікі.

“Героі Гласкі кахаюць, працуюць, змагаюцца за сэнс у бязлітасных абставінах, губляюць надзею, п’юць і мрояць. І не чакаюць шкадавання. Гэта літаратура, напісаная з агнём і на нервах, перакладзеная на дзясяткі моў свету і экранізаваная вялікімі рэжысёрамі. Проза Марэка Гласкі дагэтуль чытаецца як выклік”, — гаворыцца ў анатацыі да беларускага выдання, якое можна замовіць праз сайт выдавецтва “Логвінаў”.