Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у чацвер 29 лютага запрашае на анлайн-прэзентацыю дзьвюх кніг вершаў польскай нобелеўскай лаўрэаткі Віславы Шымборскай з удзелам перакладчыц Наталлі Русецкай і Марыны Казлоўскай.
“З’явілася ўжо другая за некалькі месяцаў Шымборска па-беларуску. (Першая была ад выдавецтва “Gutenberg”) “Канец і пачатак” ад Логвінава, з новай прадмовай. Па-другое, у чацьвер 29 лютага адбудзецца анлайн-прэзэнтацыя абедзьвюх кніг”, — піша Андрэй Хадановіч, які будзе мадэраваць размову ў межах літаратурнага цыклу “Санаторый пад клепсідрай”.
Зборнікі паэзіі набелісткі “Канец і пачатак” і “Партрэт з памяці” цягам некалькіх апошніх месяцаў выйшлі ў выдавецтвах “Логвінаў” і Gutenberg з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Віславы Шымборскай. Размова будзе будавацца вакол наступных пытанняў:
Што аб’ядноўвае, а што адрознівае гэтыя дзве кнігі?
Якія тэмы і матывы спадарожнічалі аўтарцы ўсё жыццё?
У чым карані славутай самарэфлексіі і самаіроніі польскай паэткі?
Ці лёгка выбраць найлепшае ў творчасці патрабавальнай да сябе пісьменніцы, якая лічыла сметніцу галоўным творчым інструментам аўтара?
Якія “добра забытыя” творы паэткі вярнуліся да чытачоў на яе стогадовы юбілей?
Што ў паэзіі Шымборскай было выклікам для беларускіх перакладчыкаў?
Пачатак у 17.00 па Менску. Жывая трансляцыя з’явіцца тут.