У Міжнародны дзень паэзіі, які адзначаецца ў свеце 21 сакавіка, Bellit.info склаў спіс 11 кінастужак пра паэтак, паэтаў і паэзію. Калі вы пра нешта чуеце ўпершыню, то абавязкова захоўвайце ў закладках, а калі нам не ўдалося вас здзівіць, то проста няхай гэты дзень стане нагодай пераглядзець добры фільм.
1. “Таварыства мёртвых паэтаў” (Dead Poets Society)
Настаўнік-індывідуаліст Джон Кітынг вяртаецца ў 1959 годзе ў прэстыжную школу-інтэрнат для хлопчыкаў у Новай Англіі, дзе ён калісьці быў зорным вучнем. Ён выкарыстоўвае паэзію, каб падштурхнуць сваіх вучняў да новых вышынь і самавыяўлення. Фільм пра сяброўства, маладосць, памкненні і важнасць узаемаразумення дзяцей і бацькоў. Класіка фільмаў пра паэзію.
2. “Колер граната” (Նռան գույնը — “Цвет граната”)
Паэтычная кінапрытча Сяргея Параджанава пра армянскага паэта і містыфікатара Саят-Нове, знятая ў 1968 годзе на кінастудыі “Арменфільм”.
У фільме адзінай сюжэтнай лініяй паказаны духоўны свет паэта, гісторыя яго кахання, стаўленне паэта да рэлігіі, свецкай улады, народу. Пры адсутнасці звычайнага літаратурнага маналогу ўсе рашэнні аўтара фільма ляжаць у чыста выяўленчай сферы.
3. “Поўнае зацменне” (Total Eclipse)
Гістарычны драматычны фільм з элементамі эротыкі 1995 года рэжысёркі Агнешкі Холанд.
Стужка ўяўляе сабой гістарычна дакладную справаздачу аб адносінах паміж французскімі паэтамі 19 стагоддзя Артурам Рэмбо і Полем Верленам. Фільм створаны на аснове лістоў і вершаў паэтаў. Рэмбо, дарэчы, сыграў Леанарда Ды Капрыа.
4. “Яркая зорка” (Bright Star)
Біяграфічная рамантычная драма 2009 года, заснаваная на звестках пра апошнія тры гады жыцця англійскага паэта Джона Кітса (яго грае Бэн Уішоў) і ягоных рамантычных адносінах з Фані Брон (Эбі Корніш).
Назва фільма з’яўляецца спасылкай на санет Кітса, які ён напісаў, калі быў са сваёй каханай.
5. “Сільвія” (Sylvia)
Брытанская біяграфічная драма 2003 года рэжысёра з Гвінет Пэлтроў і Дэніэлам Крэйгам у галоўных ролях. У фільме распавядаецца гісторыя, заснаваная на рэальным рамане паміж выбітнымі амерыканскімі паэтамі Сільвіяй Плат і Тэдам Х’юзам. Фільм пачынаецца з іх сустрэчы ў Кембрыджы ў 1956 годзе, а чым заканчваецца — мы не будзем спойлерыць.
6. “Нэруда” (Neruda)
Біяграфічны драматычны фільм пра чылійскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1971 года Пабла Нэруду.
Змешваючы гісторыю і мастацкую літаратуру, фільм паказвае драматычныя падзеі падаўлення камуністаў у Чылі ў 1948 годзе і тое, як паэту (і дыпламату) прыйшлося выходзіць са складаных жыццёвых сітуацый.
7. “Гучней за бомбу” (Louder than a bomb)
Фільм распавядае пра лёсы чатырох школьных паэтычных каманд Чыкага, якія рыхтуюцца да найбуйнейшага ў свеце моладзевага паэтычнага слэма і спаборнічаюць у ім. Вельмі эмацыйнае кіно, якое пакідае яркае ўражанне.
Фестываль моладзевай паэзіі Louder Than a Bomb (цяпер ён называецца Rooted & Radical — штогадовы моладзевы паэтычны слэм, які праводзіцца ў Чыкага кожную вясну. Гэта найбуйнейшы моладзевы слэм у свеце: напрыклад, у 2014 годзе ў ім прынялі ўдзел больш за 1000 каманд.
8. “Папуча” (Papucza)
Біяграфічная драма паэткі Папучы (Браніславы Вайс), якая пісала на цыганскай мове і стала вядомай у Польшчы.
Паэтка была адной з нямногіх жанчын-рома, якія самастойна навучыліся пісаць і чытаць. Яна ніколі не хадзіла ў школу. Матывам творчасці паэткі стаў згублены свет свабоды і вандроўных табараў. У сваёй паэзіі, якая вырасла з народнай цыганскай песні, яна апявала лёсы свайго народа, выяўляла яго звычкі.
У фільме апісваецца складаны лёс Папучы: асабістыя цяжкасці і непрыманне паэткі “сваімі” праз пісанне вершаў.
9. “Знікненне Гарсія Лоркі” (The Disappearance of Garcia Lorca)
Іспана-амерыканскі біяграфічны фільм 1996 года. Ён заснаваны на кнізе Іэна Гібсана пра жыццё і забойства іспанскага паэта Федэрыка Гарсія Лоркі.
Па сюжэце журналіст расследуе знікненне Лоркі ў першыя гады Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Ён спрабуе высветліць, хто і чаму забіў паэта, а таксама разглядае іншыя версіі яго знікнення.
10. “Купала”
Беларускі мастацкі фільм пра жыццё і творчасць беларускага класіка Янкі Купалы. Фільм быў публічна паказаны толькі адзін раз на маскоўскім кінафестывалі ў 2020 годзе, пасля чаго не дэманстраваўся з палітычных прычын.
Гэта гістарычная драма паказвае жыццяпіс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У карціне раскрываюцца асноўныя вехі жыццёвага і творчага шляху паэта, якія супалі з найбольш трагічнымі падзеямі XX стагоддзя.
11. “Патэрсан” (Paterson)
Драматычны фільм 2016 года ад рэжысёра Джыма Джармуша. У фільме здымаюцца Адам Драйвер ў ролі кіроўцы аўтобуса і паэта Патэрсана, а таксама Гальшыфтэ Фарахані ў ролі яго жонкі, якая марыць стаць зоркай кантры-музыкі і адкрыць бізнес па вытворчасці кексаў.
Жыццё Патэрсана — суцэльная рамантыка: ён працуе кіроўцам аўтобуса ў горадзе Патэрсан, штат Нью-Джэрсі, а ў вольны час піша вершы для каханай жонкі Лоры. Патэрсан пераўтварае прыгажосць штодзённасці ў вершы і сустракае паэтаў паўсюль — такая магія горада — радзімы паэтаў Алена Гінзберга і Уільяма Карласа Уільямса. Патэрсан піша ў стол і нават не марыць публікавацца, аднак адна маленькая падзея змяняе ягоныя планы.