Жук Ігар Васілевіч (13.6.1957, в. Зані, Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 30.6.2017, Гродна). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1991 г.
Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і аспірантуру пры ім. Перасяліўся ў Гродна. Выкладаў у Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы. На пачатку 1990-х гг. узначальваў там жа факультэт беларускай культуры і філалогіі. Займаўся навуковай дзейнасцю. Даследаваў пытанні развіцця беларускай літаратуры, асаблівасцей нацыянальнай прозы і драматургіі ХХ ст.
Пахаваны на могілках в. Гожа Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці..
Аўтар зборніка літаратуразнаўчых эцюдаў “Сустрэчны рух” (Гродна, 1998), даследаванняў “Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання” (Гродна, 2003), ““Відзенне” Бацькаўшчыны або метафізіка шляху ў “нашаніўскай” лірыцы Янкі Купалы” (Беласток, 2010), “Цывілізацыйны акт “Зорнага неба”: нататкі на палях адной кнігі пра літаратуру” (“Маладосць”; Мінск, 2012), працаў, прысьвечаных творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, М. Гарэцкага і інш.