Жамойцін Аляксандр (Алесь) Пятровіч (нар. 17.8.1955, в. Малахоўцы, Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Паэт. Уваходзіў у сябры СБП.
Пасля заканчэння Пружанскай сярэдняй школы-інтэрната (1972) працаваў слесарам на заводзе “Гомсельмаш”. У 1973—1975 гг. служыў у Савецкай Арміі. Зноў працаваў слесарам (Наваполацак), матарыстам цеплахода “Днепра-Буг” (Пінск). У 1982 г. закончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1976—1977 гг. лабарант Малахоўскай сярэдняй школы, у 1977—1978 гг. апілоўшчык (Баранавічы), у 1978—1985 гг. настаўнік беларускай мовы і літаратуры Доцішскай васьмігадовай школы Воранаўскага раёна, у 1985—1987 гг. механік на Прыбалтыйскай чыгунцы (Вільня). З 1988 г. навуковы супрацоўнік, з 1989 г. загадчык літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. Багушэвіча ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна. Сябра СП СССР з 1989 г.
Першыя вершы ў рэспубліканскім друку з’явіліся ў 1981 г. (газета “Літаратура і мастацтва”). Аўтар зборніка вершаў “Азірнуўшыся — не скамянею” (Мінск, 1989).